11 лютага, калі ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца Сусветны дзень хворых, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне арганізавала для ўсіх людзей пажылога ўзросту, хворых і церпячых парафіяльны Дзень хворых.
Па традыцыі святыня ў гэты дзень была напоўнена вернікамі пажылога ўзросту, якіх прывезлі туды спецыяльна замоўленыя аўтобусы або звычайныя людзі, валанцёры.
Арганізатары клапаціліся аб тым, каб як мага больш людзей, якіх закранула рознага роду цярпенне, сабралася ў святыні – найперш для таго, каб зразумець, што ў гэтым цярпенні яны не самотныя, што ёсць шмат такіх людзей, якія кожны дзень нясуць крыж хваробы, а таксама каб адчуць лучнасць з Касцёлам і са сваёй парафіяльнай супольнасцю, якую ўтвараюць здаровыя і хворыя, маладыя і пажылыя.
Для вернікаў гэтай парафіяльнай супольнасці, якія нясуць такі крыж, гэта нагода, каб сустрэцца на малітве ў касцёле. Кожную нядзелю няшмат з іх удзельнічае ў Эўхарыстыі з-за старасці, хваробаў і адсутнасці сіл.
Для пажылых людзей гэта сапраўднае свята, бо тады ўся ўвага звернута да іх, яны з’яўляюцца гаспадарамі гэтай падзеі. Святары і сёстры законныя, якія служаць у парафіі, стараюцца загадзя і як найлепш падрыхтаваць гэты дзень. Сёлета падрыхтоўка да гэтай падзеі таксама пачалася некалькі месяцаў таму.
Перад набажэнствам вернікаў у парафіяльнай канцылярыі прымалі медыкі з бальніцы ў Сапоцкіне, якія давалі кансультацыі і падтрымлівалі хворых парадамі. У іх можна было атрымаць патрэбныя лекі.
Святары спавядалі ў канфесіянале, каб кожны мог паяднацца з Богам. Вернікі маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Прысутныя маліліся ў адной інтэнцыі: каб Бог, які дае ўсялякае дабро, адарыў іх здароўем і сіламі, патрэбнымі для штодзённага нясення крыжа.
Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх закранутых хваробай, калецтвам, цярпеннем з-за пажылога ўзросту, хто належыць да парафіі ў Сапоцкіне, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што кожная хвароба – гэта ўзяцце на сябе крыжа Езуса Хрыста, імкненне цярністым шляхам за Збаўцам, пазначанае смуткам, слязьмі, а хвароба, абмежаваныя магчымасці, інваліднасць, немач у састарэлым узросце – гэта вельмі цяжкі досвед.
Біскуп дадаў, што Езус нікога не адкідвае, нікім не пагарджае, на кожнага глядзіць з любоўю, бо ніхто Яму не абыякавы. “Больш за тое, у таямніцы сваёй мукі і смерці Пан Езус сам учыніў сябе слабым, пагарджаным, прыніжаным, значыць сам спазнаў, што такое цярпенне”, – сказаў ён.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што толькі ў Богу чалавек можа знайсці супакой і палёгку ў болю. Толькі Бог зразумее, што адбываецца ў чалавечым сэрцы, толькі Ён здольны асушыць слёзы подыхам сваёй любові.
“Падзякуем за гэтае запрашэнне Езуса і будзем прасіць аб дары моцнай веры, каб ніколі гэтым запрашэннем не пагарджалі, каб нашы сэрцы не заставаліся халоднымі і абыякавымі да словаў нашага Збаўцы”, – заклікаў біскуп.
Таксама ён падзякаваў усім, хто ахвяруе свае штодзённыя цярпенні за Касцёл на Гродзеншчыне, за іерархаў, святароў, кансэкраваных асобаў, няверуючых людзей, тых, хто адышоў ад веры, ворагаў Касцёла.
Падчас Эўхарыстыі быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых, у якім Дух Святы нясе глыбокі супакой, згоду з цярпеннем, дапамагае ў хрысціянскай сталасці паглядзець на сітуацыю, прыняць яе і змірыцца з ёю, аддаючы яе міласэрнаму Богу.
На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі выказаў удзячнасць усім тым, хто садзейнічаў падрыхтоўцы гэтага вялікага свята для хворых. Асаблівым чынам ён падзякаваў законным сёстрам, якія служаць у парафіі і нясуць падтрымку хворым, рэгулярна наведваючы іх і аказваючы патрэбную дапамогу.
Хворыя, выходзячы са святыні, атрымалі ў падарунак шакаладкі i паштоўкі з напісанымі словамі падтрымкі, падрыхтаваныя вучнямі сярэдняй школы ў Сапоцкіне.
Сусветны дзень хворых у гэтым годзе прайшоў у 28-ы раз. Ён быў устаноўлены Папам Янам Паўлам ІІ 13 мая 1992 г., у 75-ю гадавіну фацімскіх аб’яўленняў і 11-ю гадавіну замаху на жыццё Папы. Свята адзначаецца ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, яго мэта – звярнуць увагу на хворых і церпячых ва ўсім свеце і маліцца за іх.
Дэвіз сёлетняга Сусветнага дня хворых – словы з Евангелля паводле Мацвея: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28).
Кс. Юрый Марціновіч