Агульнабеларускі Дзень кансэкраванага жыцця з удзелам прадстаўнікоў усіх манаскіх і законніцкіх супольнасцяў, якія нясуць служэнне ў нашай краіне, 10 лютага прайшоў у Гродне.
Катэдральная базыліка св. Францішка Ксаверыя ў гэты дзень была напоўнена законнікамі і законніцамі з розных супольнасцяў, якія сабраліся, каб дзякаваць Богу за дар кансэкраванага жыцця і любоў Хрыста, якому ахвяравалі саміх сябе праз абяцанні ўбоства, чыстасці і паслухмянасці.
Адзінства ў разнастайнасці
Усіх прысутных прывітаў гаспадар гэтага месца біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падкрэсліў, што айцы, браты і сёстры законныя “з’яўляюцца для ўсяго Касцёла знакамі поўнай адданасці Хрысту, сведкамі Евангелля, верагоднымі абвяшчальнікамі Божага валадарства”. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што яны знаходзяцца ў самым сэрцы Касцёла і ўзбагачаюць яго сваёй малітвай і служэннем.
У межах сустрэчы адбылася прэзентацыя жаночых і мужчынскіх супольнасцяў, якія служаць у Беларусі. Было распаведзена пра іх харызмы, а таксама тое, чым яны займаюцца штодзень.
Затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой усе разам дзякавалі за дар паклікання, атрыманы ад Пана, і за ўсіх людзей, якія атачаюць іх кожны дзень.
Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У літургіі ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
Кансэкраванае жыццё – знак прысутнасці Бога
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што кансэкраванае жыццё атрымлівае новы сэнс у сучасным свеце, які ўсё больш становіцца лічбавым, у якім усё запраграмавана. Іерарх дадаў, што ў выніку чалавек усё часцей становіцца залежным і стандартызаваным, жыве не сваім розумам, а інтэрнэтам, страчвае сваю тоеснасць як створанага паводле вобразу і падабенства Божага.
Па словах старшыні епіскапату Беларусі, усё гэта вядзе да заглушэння голасу сумлення.
“У такім секулярным свеце кансэкраванае жыццё становіцца знакам прысутнасці Бога. Яно заахвочвае людзей паглядзець на жыццё праз прызму вечных каштоўнасцяў. Таму законнікі і законніцы становяцца выклікам, знакам супраціву і крэатыўным непакоем сучаснага свету”, – сказаў Мітрапаліт.
Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў важнасць для кансэкраваных асобаў удасканальвання, якое павінна ўключаць чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і пастырскую фармацыю. Ён адзначыў таксама важнасць будавання еднасці паміж сабой і з Богам.
“Мы моцныя еднасцю. Таму ў наш час індывідуалізму неабходна захоўваць еднасць з Хрыстом, а таксама ў манаскіх супольнасцях і паміж дыяцэзіяльным і законным духавенствам. Неабходна развіваць узаемны дыялог і культуру сустрэчы, у тым ліку паміж рознымі пакаленнямі”, – дадаў іерарх.
Канцэнтравацца на Богу
Арцыбіскуп заўважыў, што, на жаль, рытм сучаснага свету вядзе да “замыкання дзвярэй”. “Дзверы гандлёвых цэнтраў і сацыяльных сетак адчынены шырока, але ў адносінах паміж пакаленнямі, кансэкраванымі асобамі, а таксама законным і дыяцэзіяльным духавенствам далёка не заўсёды”, – сказаў ён.
Таму іерарх заахвоціў законнікаў і законніц глядзець з большай увагай у вочы братоў і сясцёр, чым у смартфон, і больш канцэнтравацца на Хрысце.
“Калі ў цэнтры ставяцца толькі структуры, то кансэкраванае жыццё перастае прыцягваць, нічога не перадае свету і не развіваецца, бо забываецца аб сваіх каранях”, – дадаў арцыбіскуп, заўважыўшы, што адсутнасць еднасці і дыялогу з’яўляецца знакам духоўнай недасканаласці.
Звяртаючыся да прысутных канскэраваных асобаў, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі заклікаў іх заставацца вернымі сваёй першай любові.
“Сапраўдная любоў крэатыўная. Няхай яна застаецца пуцяводнай зоркай на шляхах вашага жыцця. У цеснай лучнасці з Езусам, супрацоўніцтве з дыяцэзіяльным духавенствам і свецкімі вернікамі будзьце евангельскім зачынам (пар. Мц 13, 33) Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне і ажыўляйце яго, каб быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення”, – дадаў старшыня епіскапату.
Удзячнасць Касцёла кансэкраваным асобам
Арцыбіскуп падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл на Беларусі ўдзячны манаскім супольнасцям, якія пасля сацыяльна-палітычных перамен 90-х гадоў мінулага стагоддзя прыйшлі з дапамогай. Без гэтага немагчымым было б яго адраджэнне пасля трох пакаленняў ганенняў.
“Ужо тры дзесяцігоддзі кансэкраваныя асобы ахвярна служаць Касцёлу на Беларусі. Іх мы бачым у парафіях і дабрачынных арганізацыях. Без іх цяжка было б уявіць працэс катэхізацыі і выхавання маладых людзей. Шмат увагі яны ўдзяляюць душпастырству сям’і, развіццю каталіцкіх медыя і г.д.”, – нагадаў іерарх.
Пачас Імшы адбылося аднаўленне манаскіх абяцанняў. Кансэкраваныя асобы прасілі ўсемагутнага Бога дапамагаць ім імкнуцца да евангельскай дасканаласці ў духу цнотаў чыстасці, убоства і паслухмянасці.
Затым у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі яны разам паабедалі і прынялі ўдзел у семінары пад назвай “Quo vadis, persona consecrata?”.
Арганізатарам сустрэчы выступіла Каардынацыйная група вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская