У межах чацвёртага этапа рэстаўрацыйных прац спецылісты замянілі дзверы і вокны, каштоўныя драўляныя элементы на балюстрадзе і лесвіцы па магчымасці захавалі (толькі сапсаваныя замянілі на новыя), таксама быў выкананы шэраг іншых сталярных прац, зроблена адмостка і ўваходныя прыступкі.
Ежы Шалыгін з Фундацыі Аховы Агульнай Культурнай Спадчыны "Terpa", які займаўся распацоўкай праекта рэстаўрацыі лямуса, так ацаніў выкананыя працы: "Аднаўленне драўляных будынкаў мае сваю спецыфіку. Падчас рэстаўрацыі часам выходзяць на паверхню новыя праблемы, якія трэба хутка вырашаць. Паколькі на аб'екце працавалі кваліфікаваныя, добра падрыхтаваныя спецыялісты, усё было выканана на высокім узроўні.
Праект па аднаўленні ўнікальнай гістарычнай пабудовы, які праводзіць Гродзенская дыяцэзія ў супрацоўніцтве з Элцкай дыяцэзіяй (Польшча), пачаўся ў кастрычніку 2016 года.
Будынак рэстаўруецца дзякуючы датацыям Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. За тры гады было праведзена поўнае абследаванне аб’екта, узмоцнены падмурак, заменены ніжнія драўляныя вянкі ды іншыя непрыдатныя элементы, таксама спецыялісты накрылі ўвесь дах гонтам.
Варта адзначыць, што з сакавіка 2019г. па тэрыторыі былога брыгіцкага кляштара, дзе знаходзіцца драўляны лямус, пачалі праводзіць экскурсіі ў тэставым рэжыме. Па папярэднім запісе турысты могуць убачыць самую старую драўляную пабудову Беларусі, якую працягваюць рэстаўраваць.