18 студзеня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з навучэнцамі і выкладчыкамі «Міждыяцэзіяльных курсаў сямейнага жыцця».
На пачатку сустрэчы біскуп звярнуў увагу на тое, што навучэнцы курсаў маюць асаблівую магчымасць пазнаваць і паглыбляць каталіцкую навуку ў сферы сям’і і сужэнства, а таксама актыўна ўдзельнічаць у абароне кожнага чалавечага жыцця.
Потым навучэнцы 1 курса прадставілі тэатральную сцэнку. Падчас выступлення прагучалі вядомыя калядныя песні, у якіх узгадвалася аб тым, што Бог пасяліўся сярод людзей на зямлі.
Падчас сустрэчы былі ўручаны дыпломы выпускнікам, якія, у сваю чаргу, падзякавалі выкладчыкам і кіраўніцтву курсаў за веды, здабытыя ў гады навучання.
Пасля святочнай праграмы адбылося дзяленне аплаткай, калі ўсе мелі магчымасць выказаць адзін аднаму віншаванні. Праходзіла сустрэча ў сапраўднай сямейнай атмасферы. Кожны прынёс з сабой што-небудзь смачнае, таму ўдалося арганізаваць сапраўдны салодкі стол. Потым за агульным сталом з гарбатай і печывам абмяркоўвалі вынікі мінулага года, дзяліліся вопытам.
Iрына Мялешка