19 студзеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, наведваючы Іўе ў межах XVII фестывалю калядных песень “Gloria in Excelsis Deo”, які праходзіў у гарадскім доме культуры, ушанаваў памяць габрэяў, знішчаных тут нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны.
З нагоды Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, які праходзіць зараз, іерарх разам са старшынёй Іўеўскага райвыканама Аляксандрам Булакам, Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім, прадстаўнікамі Польскага нацыянальнага фонду і іншымі афіцыйнымі асобамі паклалі кветкі ля помніка верацярпімасці, талерантнасці і згоды іўеўчан розных веравызнанняў, які быў устаноўлены ў цэнтры горада ў 2012 г.
Стэла-манумент увасабляе чатыры традыцыйныя веравызнанні на нашай зямлі – каталіцтва, праваслаўе, юдаізм і іслам.
Іўе з’яўляецца сапраўды ўнікальным у нашай краіне, бо менавіта там ужо шмат гадоў пераплятаюцца культуры габрэяў, беларусаў, татараў, палякаў, i, што вельмі цікава і варта ўвагі, усе яны жывуць у згодзе.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі