12 студзеня, у свята Хросту Пана, у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася навагодняя сустрэча членаў малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Члены гэтай групы кожны дзень моляцца ў інтэнцыі святароў, ахвяруюць за іх свае штодзённыя цярпенні і нясуць ахвяры.
На сустрэчы сабралося каля 300 чалавек з розных частак дыяцэзіі, таксама каб падзяліцца аплаткамі і выказаць адзін аднаму віншаванні.
У праграме была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой маліліся ў інтэнцыі ўсіх святароў і аб дары новых пакліканняў да служэння ў Касцёле.
Прысутных прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ад імя ўсіх святароў Гродзенскай дыяцэзіі ён выказаў словы глыбокай і шчырай удзячнасці ўсім, хто належыць да апостальскага руху “Маргарытка”. Іерарх дзякаваў за малітву, духоўныя і матэрыяльныя ахвяры, якімі члены руху падтрымліваюць святароў у іх служэнні Касцёлу, дадаўшы, што кожны з пакліканых да Хрыстовага святарства з’яўляецца звычайным, слабым чалавекам, поўным чалавечых абмежаванняў і недасканаласцяў.
Біскуп падкрэсліў, што дзякуючы падтрымцы вернікаў кожны святар адчувае сябе мацнейшым, больш устойлівым духоўна і больш упэўненым ва ўсім, што робіць.
Урачыстую святую Імшу ў семінарыйнай капліцы з удзелам шматлікіх прадстаўнікоў апостальства з тэрыторыі ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Кажучы пра свята Хросту Пана, ён разважаў над сутнасцю хросту, які з’яўляецца брамай, што вядзе да жыцця ў Духу і адкрывае доступ да наступных сакрамэнтаў.
Генеральны вікарый дыяцэзіі адзначыў, што ў свята Хросту Пана трэба нанова адкрыць свой хрост і адкрыць, што, як Езус з’яўляецца ўмілаваным Сынам Айца, так кожны ахрышчаны і адроджаны з вады і Духа Святога з’яўляецца ўмілаваным дзіцём Бога, удзельнікам вялікай місіі, каб сведчыць і абвяшчаць усім людзям бязмежную любоў Айца.
Біскуп заахвоціў членаў малітоўнай групы працягваць спадарожнічаць святарам добрым словам і гарачай малітвай і падкрэсліў, што гэтая малітва – іх своеасаблівая апека над святаром.
Сустрэча завяршылася дзяленнем аплаткамі і святочнымі віншаваннямі, калі кожны мог індывідуальна выказаць пажаданні біскупу, мадэратару руху кс. Яну Сарэлу, прысутным святарам, дыяканам, семінарыстам і адзін аднаму.
Малітоўная група “Маргарытка” паўстала ў Гродзенскай дыяцэзіі некалькі гадоў таму па ініцыятыве кс. каноніка Валерыя Быкоўскага і саміх свецкіх вернікаў.
Сутнасць апостальскага руху “Маргарытка” – штодзённая малітва за канкрэтных святароў. Членамі гэтага апостальскага руху становяцца людзі, што жадаюць аберагаць сваіх пастыраў самай паспяховай зброяй, якой з’яўляецца малітва, і ўмацоўваць сваю асабістую сувязь з Хрыстом праз пасрэдніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Леановіч