11 студзеня ў катэдры св. Войцеха ў Элку (Польшча) біскупскае пасвячэнне прыняў кс. Адрыян Гальбас SAC. Папа Францішак прызначыў яго дапаможным біскупам гэтай дыяцэзіі. Да гэтага часу святар быў правінцыялам палатынаў у Познані.
Галоўным пасвячаючым быў біскуп Элцкі Ежы Мазур SVD, a разам з ім – арцыбіскуп Сальваторэ Пенакьо, Апостальскі Нунцый у Польшчы, і арцыбіскуп Юзаф Гожынскі, Мітрапаліт Вармінскі. Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Войда SAC, Мітрапаліт Беластоцкі.
Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі між іншым старшыня епіскапату Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі і арцыбіскуп Генрык Хосер SAC, іншыя арцыбіскупы і біскупы з Польшчы і замежжа.
Беларусь прадставілі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Біскуп Кашкевіч, выказваючы віншаванні новаму іерарху, падзякаваў за служэнне ксяндзоў палатынаў, якія ўжо шмат гадоў працуюць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Воранаве і Германішках (Радунскі дэканат). Біскуп Гальбас быў шматгадовым правінцыялам палатынаў, таму неаднаразова сустракаўся з біскупам Гродзенскім і наведваў нашу краіну.
Кс. Юрый Марціновіч