З 31 снежня па 2 студзеня ў Навагрудку прайшла сустрэча сем’яў Асацыяцыі Святой Сям’і пры Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак. Сустрэча стала дзясятай па ліку.
Усяго ў ёй прыняло ўдзел 70 чалавек. Каб разам сустрэць новы 2020 год, прыбылі сем’і з розных месцаў нашай краіны.
У праграме былі канферэнцыі, з якімі выступіў кс. Алег Шпець TChr, адарацыя, святая Імша. Асноўнай тэмай сустрэчы быў сужэнскі дыялог.
Слухаючы канферэнцыі, сужэнцы маглі даведацца пра правілы дыялогу, а потым была магчымасць паразмаўляць разам у пары. Мужы і жонкі глядзелі ў вочы адно аднаму, трымаліся за рукі, адказвалі на ўзаемныя пытанні. Адна пара з сужэнскім стажам 45 гадоў паведаміла потым, што падчас гэтай сустрэчы некаторыя рэчы даведаліся пра сябе ўпершыню.
У апошнія хвіліны старога года ўсе ўдзельнікі сабраліся ў капліцы на адарацыі. Яны дзякавалі Пану Богу за ўсе атрыманыя дары і ласкі, прасілі прабачэння за страчаны час, дапушчаныя памылкі, а таксама прасілі Божага благаслаўлення на Новы год Панскі. Затым распачалася святая Імша, падчас якой удзельнікі аднавілі сужэнскія абяцанні.
Пасля пачалася карнавальная ноч. Карнавальная – бо па меры магчымасці ўсе яе ўдзельнікі стараюцца быць у касцюмах розных герояў. Традыцыйна кожная сям’я падрыхтавала маленькі сюрпрыз для ўсіх – тэатральнае або музычнае прадстаўленне. Шмат радасці мелі не толькі дзеці, але і дарослыя, якія маглі адчуць сябе дзецьмі.
Як адзначаюць сёстры назарэтанкі, падобныя сустрэчы пазітыўна ўплываюць на будаванне сям’і, моцнай Богам.
“У Назарэце шмат людзей адкрывае сябе нанова, дзякуючы чаму пачынаюць весці паміж сабой канструктыўны дыялог. Гледзячы на радасныя твары сужэнцаў, мы, як духоўныя асобы, таксама адкрываем багацце сям’і”, –кажа адна з арганізатараў сустрэчы с. Марыяна Алешчык CSFN.
Усе ўдзельнікі сустрэчы адзначалі яе вельмі цёплую і сямейную атмасферу i падкрэслівалі, што дзверы дома сясцёр назарэтанак у Навагрудку заўсёды шырока адчынены для іх. Там сапраўды можна адчуць назарэтанскі дух.
Кс. Юрый Марціновіч