Skip to main content

Другі дзень рэкалекцый па распазнанні паклікання ў Гродне: праца ў групах, пабрыгіцкі касцёл і святая Імша

paklikannia rek 534 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне завяршыўся чарговы дзень рэкалекцый для юнакоў, якія шукаюць свой жыццёвы шлях. План другога дня сустрэчы хлопцаў быў вельмі насычаны на розныя падзеі.

Распачаўся дзень ранішняй малітвай, якую правёў кс. Ян Раманоўскі, прэфект гродзенскай семінарыі. Падчас малітвы маладыя людзі падзякавалі Богу за начны адпачынак і прасілі благаслаўлення на цэлы дзень. Юнакам быў прапанаваны ўрывак з Евангелля да разважання, якім таксама кіраваў кс. Ян.

Пасля сняданку юнакі мелі час, каб прывесці ў парадак свае пакоі і папіць кавы разам з семінарыстамі. Потым адбылася першая канферэнцыя, якую правёў кс. Ян Раманоўскі.

paklikannia rek 37

Працягнулі разважаць і развіваць папярэднюю тэму юнакі ў групах з семінарыстамі, дзе маглі ўжо ў менш афіцыйнай абстаноўцы абмеркаваць розныя пытанні.

Пасля сустрэчы ў групах удзельнікі маглі адпачыць, пагуляць у настольны тэніс і більярд, пашпацыраваць па семінарыйным двары або паразмаўляць паміж сабой за кубкам гарбаты.

Пасля абеду хлопцы разам з арганізатарамі і семінарыстамі наведалі пабрыгіцкі касцёл, дзе іх чакаў яго рэктар кс. канонік Антоні Грэмза. Святар пазнаёміў гасцей з гісторыяй касцёла, які калісьці належаў сёстрам брыгіткам. Юнакі спусціліся ў падзямеллі касцёла і пабачылі карціны, абразы, кнігі і літургічнае адзенне, якія выкарыстоўваліся ў гэтай святыні і налічваюць ужо некалькі соцень гадоў.

У касцёле захоўваюцца рэліквіі сясцёр-мучаніц з Навагрудка; св. Клемента, рымскага жаўнера-мучаніка; св. Брыгіты і св. Яна Паўла ІІ. Ксёндз Антоні Грэмза памаліўся праз заступніцтва Яна Паўла ІІ і благаславіў прысутных рэліквіямі святога Папы, пасля чаго тыя ўшанавалі іх.

paklikannia rek 40

Галоўнай падзеяй дня стала супольная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх спаслаўся на новы Апостальскі ліст Папы Францішка Admirabile signum, засяродзіўшы ўвагу на словах Пантыфіка, што яслі – гэта жывое Евангелле. “Варта не толькі ўбачыць, але і ўвайсці ў іх. Нам трэба шукаць знаку Езуса Хрыста, а таксама старацца пачуць словы “Вось Баранак Божы”, як гэта пачулі вучні Яна Хрысціцеля. Сёння Езус звяртаецца да вас! Важна, каб мы ўсе распазнавалі Божае Ягня і штодня сустракалі Божае Дзіця”, – сказаў прапаведнік.

“Ад вас вельмі многа залежыць. У свеце, дзе ўсе бягуць, некуды спяшаюцца і аб нечым клапоцяцца, трэба ўсведамляць тое, што мы – сябры Езуса Хрыста, які кожнаму дае місію сведчыць аб Божай дабрыні ў свеце”, – падбадзёрыў іерарх юнакоў.

На заканчэнне гаміліі біскуп заахвоціў хлопцаў уносіць Божую вестку ў тое асяроддзе, у якім яны штодзень прабываюць, а таксама быць адважнымі і не баяцца гаварыць аб Божай любові ўсяму свету, давяраючыся пры гэтым Маці Божай, якая сама зведала шмат цяжкасцяў і жахаў.

Вечарам згодна з праграмай дня адбылася малітва Ружанца. Семінарысты падрыхтавалі разважанні над таямніцамі, якія спрыялі лепшаму паглыбленню ў таямніцы Божага Сына. Пазней прайшла агульная сустрэча юнакоў са святарамі і семінарыстамі, якія пастараліся адказаць на пытанні, што хвалявалі маладых людзей. Напрыканцы другога дня рэкалекцый удзельнікі памаліліся Камплетай.

Aндрэй Юхнік

Фота: Павел Адамовіч