3 студзеня, у першую пятніцу месяца, гродзенскую парафію Божай Міласэрнасці (Вішнявец) наведаў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
Напачатку Імшы ён прывітаў парафіян, а таксама падзякаваў за тое, што яны памятаюць пра малітву ў пятніцы, просячы Божай міласэрнасці для памерлых.
У гаміліі біскуп казаў пра цяперашні час, пра тое, што гэтую Божую міласэрнасць кожны павінен данесці іншым людзям, якія яе патрабуюць. Таксама іерарх нагадаў, што тым, хто ў першыя пятніцы месяца ўшаноўвае Сэрца нашага Збаўцы, Ён спасылае шмат ласкаў, якія з’яўляюцца незвычайным актам міласэрнасці, доказам сапраўднай, бясконцай любові.
Напрыканцы біскуп пажадаў вернікам і далей быць адкрытымі на Сэрца Езуса, адчуваць Яго любоў і цёплыню.
Таксама ён выказаў віншаванні пробашчу парафіі кс. Яну Этэлю SCJ, які адзначаў дзень свайго нараджэння. Іерарх падзякаваў святару за яго адкрытае на патрэбы людзей сэрца, пажадаў моцнага здароўя яму і яго родным, Божага бласлаўлення ў кіраванні парафіяй і сарцанскай сям’ёй на Беларусі.
JM