Skip to main content

Біскуп Станеўскі ў Сусветны дзень міру: свету патрэбны перакананыя сведкі

perstun 1У першы дзень 2020 года, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыi ў Перстуні (Сапоцкінскі дэканат).

З нагоды Сусветнага дня міру падчас Імшы асаблівым чынам маліліся аб міры ва ўсім свеце, а найперш у сэрцы кожнага чалавека.

Звяртаючыся да вернікаў, дапаможны біскуп дыяцэзіі адзначыў, што сучаснаму свету патрэбны перакананыя сведкі, будаўнікі міру, адкрытыя на дыялог.

Таму іерарх нагадаў словы Папы Францішка, які ў сёлетнім пасланні на Сусветны дзень міру пісаў, што мір “належыць будаваць нястомна” і гэта шлях, які трэба прайсці разам, заўсёды шукаючы супольнага дабра і абавязуючыся стрымліваць дадзенае слова і паважаць закон.

Біскуп заахвоціў сабраных у святыні вернікаў распачаць чарговы год жыцця з удзячнасці і праслаўлення за дар народжанага Збаўцы.

На заканчэнне літургіі пробашч парафіі кс. Павел Гедройць падзякаваў іерарху за дар супольнай малітвы.

Кс. Юрый Марціновіч