З 2 снежня ў Гродзенскім абласным клінічным перынатальным цэнтры рэалізуецца праект “Клініка без абортаў”. Ва ўстанове больш не праводзяць перапыненне цяжарнасці да 12 тыдняў па жаданні жанчыны ні інструментальным, ні медыкаментозным спосабам, паведамляе belta.by.
Пра гэта 10 снежня падчас круглага стала “За нараджэнне” паведаміла журналістам загадчыца паліклінікай цэнтра Святлана Разіна.
“Праблема абортаў актуальная для ўсяго свету; яна мае і эканамічнае, і сацыяльнае, і этычнае значэнне. Уплывае яна і на дэмаграфію. У Гродзенскай вобласці, на жаль, як і ва ўсёй краіне, нараджальнасць зніжаецца. У 2018 г. у рэгіёне нарадзілася на 9% менш дзяцей, чым на год раней”, – адзначыла Святлана Разіна, дадаўшы, што праект “Клініка без абортаў” скіраваны ў тым ліку на павышэнне нараджальнасці.
“У рэгіёне ў гэтым кірунку і раней было зроблена нямала. У Гродзенскай вобласці адзначаецца штогадовае зніжэнне колькасці абортаў. Толькі за апошнія тры гады іх стала менш на 13%. Стабільна зніжаецца колькасць абортаў і сярод жанчын, якія зацяжаралі ўпершыню”, – распавяла Святлана Разіна.
Па яе словах, з усімі цяжарнымі жанчынамі працуюць псіхолагі і псіхатэрапеўты. Дзякуючы перадабортным псіхалагічным кансультацыям у 2018 годзе 21% жанчын захавалі цяжарнасць. Па выніках 9 месяцаў бягучага года гэты паказчык склаў амаль 26%.
Падчас круглага стала адзначалася, што кожная перарваная цяжарнасць – гэта праблема не толькі жанчыны і сям’і, але і грамадства ў цэлым. У працы круглага стала “За нараджэнне” прынялі ўдзел, акрамя медыкаў-практыкаў і спецыялістаў з гэтай сферы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і святары.
На базе перынатальнага цэнтра для аказання комплекснай спецыялізаванай дапамогі жанчынам і шлюбным парам створана абласное кансультатыўна-дыягнастычнае аддзяленне “Шлюб і сям’я”.
Пазіцыя Касцёла ў справе абортаў вынікае з пятай запаведзі Дэкалогу: “Не забівай”.
Касцёл вучыць, што з моманту зачацця чалавечы зародак з’яўляецца чалавекам, які валодае такім жа правам на жыццё і такой жа годнасцю, як чалавек пасля нараджэння. Таму аборт з’яўляецца забойствам, значыць вялікім грахом. Усялякае ўмяшальніцтва ў жыццё ненароджанага дзіцяці маральна недапушчальнае, калі не служыць яго дабру.
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла адзначае: “Сярод правоў чалавека на першым месцы знаходзіцца права на жыццё, а таксама абарона жыцця ў хвіліну зачацця. Перарыванне цяжарнасці з’яўляецца вялікім злом, на якое належыць указваць: чалавечае жыццё з хвіліны зачацця павінна шанавацца і абараняцца абсалютным чынам. Ужо з першай хвіліны свайго існавання чалавечая істота павінна мець прызнаныя правы асобы, сярод якіх непарушнае права кожнай нявіннай істоты на жыццё” (ККК 2270).