8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адзначыла сваё патранальнае свята.
У дэкрэце аб заснаванні семінарыі ў Гродне тагачасны біскуп для католікаў на Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч даручыў гэтую духоўную навучальную ўстанову апецы Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганна Зачатай, св. Міхалу Арханёлу і св. Юду Тадэвушу. Найсвяцейшая Панна Марыя была абрана галоўнай Заступніцай гродзенскай Alma Mater.
Урачыстасць галоўнай Заступніцы семінарысты правялі ў поўным засяроджанні.
На працягу дня яны разважалі аб таямніцы Беззаганнага Зачацця Божай Маці, а таксама прысвяцілі час разважанню аб малітве, убостве і чыстасці ў жыцці будучага святара. Усяму гэтаму спрыяла цішыня і спакойная атмасфера.
Невыпадкова духоўныя практыкаванні прыпалі на час Адвэнту, калі кожны семінарыст імкнецца аддаліцца ад празмернай занятасці і паразважаць над тым, Хто з’яўляецца для яго найвялікшым скарбам і сэнсам усяго жыцця і што перашкаджае яму падрыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з Ім.
Духоўныя практыкі і малітва ўмацоўваюць будучых святароў у веры і дадаюць духоўных сіл у набліжэнні да мэты. Чарговы дзень засяроджання стаў для навучэнцаў семінарыі ў Гродне добрай нагодай, каб папоўніць сілы на далейшыя дні Адвэнту і духоўна падрыхтавацца да надыходзячых святаў Божага Нараджэння.
Aндрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч