3 снежня ў катэдральным касцёле ў Гродне адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Францішка Ксаверыя, які з’яўляецца галоўным апекуном гэтай святыні.
На літургіі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабраліся святары, сёстры законныя, шматлікія парафіяне і жыхары горада.
Святкаванне пачалося малітвай Літургіі Гадзінаў канонікаў Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
На пачатку Імшы пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі прывітаў усіх прысутных, падкрэсліўшы, што гэта галоўная ўрачыстасць катэдральнай парафіі.
У гаміліі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі нагадаў вернікам біяграфію святога, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў Ордэну езуітаў і самым паспяховым місіянерам у гісторыі хрысціянства.
Іерарх падкрэсліў, што сённяшняму свету патрэбны падобныя місіянеры, якія на ўзор св. Францішка будуць сапраўднымі сведкамі Евангелля Езуса. Генеральны вікарый дыяцэзіі дадаў, што сёння такія місіянеры патрэбны асабліва дзецям і моладзі і такімі павінны быць для іх найперш бацькі.
“Сёння патрэбны такія бацькі, якія ахвяруюць сваім дзецям час на размову і дыскусію, на высвятленне, чым яны цікавяцца ў інтэрнэце і што глядзяць па тэлебачанні, якія пытаюцца, якіх яны маюць сяброў і знаёмых”, – адзначыў біскуп.
Іерарх заўважыў, што ні інтэрнэт, ні тэлевізар не могуць стаць для будучых пакаленняў выхаваўцамі, а выхоўваць з іх добрых грамадзян і глыбока веруючых хрысціян павінны бацькі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская