Skip to main content

Біскуп Касабуцкі на заканчэнне 40-гадзіннага набажэнства наведаў Жалудок

40 gadzinnaje 3427 лістапада, на заканчэнне 40-гадзіннага набажэнства, парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат) наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

У парафіяльнай святыні, дзе сабраліся шматлікія вернікі, а таксама святары дэканату, іерарх узначаліў урачыстую Імшу ў інтэнцыі ўсіх парафіян.

У гаміліі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі нагадаў гісторыю 40-гадзіннага набажэнства на нашых землях, падчас якога вернікам спадарожнічае жаданне разважаць над таямніцамі прысутнасці Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Біскуп падзякаваў вернікам, якія апошнія два дні прыходзілі ў касцёл у вызначаны пробашчам час, каб дзякаваць Богу за ўсё дабро, якое атрымалі, і прасіць аб далейшым благаслаўленні і перапрашаць за ўсе недасканаласці і грахі.

Іерарх адзначыў, што гэтае набажэнства з’яўляецца таксама формай пакаяння за ўчыненыя грахі, абараняе людзей ад зла, спакусаў і ўсялякіх небяспекаў, а найперш павінна служыць паглыбленню веры і ўмацаванню адносін з Богам.

40 gadzinnaje 40

Біскуп падкрэсліў, што сённяшні свет вельмі часта забывае пра Бога, маладыя людзі адыходзяць ад веры, цікавяцца толькі рознымі навінкамі і сенсацыямі, таму існуе вялікая патрэба такой малітвы.

Ён заахвоціў парафіян перадаваць сваю прыгожую традыцыю наступным пакаленням, каб вера на нашых землях распаўсюджвалася і знаходзіла ўсё новых вызнаўцаў.

На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч кс. канонік Ян Рэйшаль падзякаваў біскупу за прыбыццё, а сваім парафіянам за шматлікі ўдзел у 40-гадзінным набажэнстве, падчас якога яны ў чарговы раз паказалі, што жадаюць будаваць жыццё на Богу і пастаянна запрашаць Яго ў сваё сэрца.

Вернікі такім чынам падрыхтаваліся да ўваходу ў новы літургічны год, які распачынаецца Адвэнтам. Праз удзел у раратніх святых Імшах, добрыя ўчынкі і малітву яны хочуць падрыхтавацца да прыйсця Збаўцы ў таямніцы Уцелаўлення.

Кс. Юрый Марціновіч