Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння мы святкуем урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Сёння мы абвяшчаем усяму свету, што маем свайго Караля, а таксама прагнем надыходу Яго Валадарства. Традыцыйна ўдзельнічаючы ў гэтай урачыстасці, мы больш глыбока разважаем над тым, Валадаром каго і чаго з’яўляецца Езус Хрыстус. Што за Валадарства, пра якое Ён гаворыць? Дзе яно? Адказваючы на гэтыя пытанні, мы адкрываем сутнасць гэтага незвычайнага Валадарства з яго незвычайным Валадаром. Незвычайнае яно таму, што ў ім пануюць не рыначныя адносіны, а адносіны любові да бліжняга. Менавіта любоў з’яўляецца сутнасцю Валадарства Хрыста, як і сутнасцю Яго самога.
Аднак сённяшняе наша разважанне я хацеў бы накіраваць крыху ў іншую плоскасць. А менавіта паставіць пытанне аб нашым месцы і заданні ў гэтым Валадарстве.
Інтуітыўна першы адказ на гэта пытанне здаецца вельмі простым: Хрыстус Валадар, а мы Яго падданыя, слугі. І такі адказ мае месца быць.
Аднак калі мы раскрываем Біблію, мы можам убачыць, што Хрыстус запрашае нас і да іншага ўдзелу ў Яго Валадарстве. “Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць яго гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам” (Ян 15, 15). Езус не хоча, каб мы былі слугамі, Ён хоча, каб мы былі сябрамі. Сябра – гэта не слуга (раб), а хтосьці роўны. Менавіта так разумее гэтае запрашэнне да сяброўства наша Маці-Касцёл. У абрадах сакрамэнту хросту кожны ахрышчаны атрымлівае памазанне алеем хрызма, якое азначае ўключэнне ва ўдзел у патройнай місіі Езуса Хрыста: прароцкай, святарскай і каралеўскай. Прасцей кажучы, кожны з нас з моманту хросту павінен валадарыць разам з Езусам.
Каб зразумець, на чым засноўваецца гэтае супольнае валадаранне, мы найперш павінны адказаць на пытанне, кім з’яўляецца валадар або кароль.
На жаль, у нашым асяроддзі да гэтай пары вельмі часта існуе меркаванне, что кароль – гэта тыран, дэспат, які жыве за кошт іншых. З якім трэба змагацца, каго трэба зрынуць і г.д. Гэта вобраз, які шмат гадоў у нашыя галовы ўкладалі будаўнікі камунізму. Вядома, што і ў гісторыі былі валадары, якія сваім валадараннем зняславілі каралеўскі інстытут. Аднак першапачатковая ідэя каралеўскай улады была зусім іншая. У Старым Запавеце Бог устанаўлівае караля, каб ён клапаціўся аб давераным яму народзе, каб бараніў яго і запэўніваў бяспеку, каб таксама бараніў рэлігію перад скажэннямі і абыякавасцю. Выбраць найлепшага, хто будзе кіраваць усімі. У Новым Запавеце выразнай асацыяцыяй з рытуалам устанаўлення караля з’яўляецца ўезд Езуса ў Ерузалем пад крыкі «Скажыце дачцэ Сіёна: вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы, на асляняці, сыне пад’ярэмнай» (Мц 21, 5). Адразу пасля гэтага Езус робіць парадак у святыні, выганяючы адтуль гандляроў і мянялаў.
Гэта таксама сімвал, кароль – гэта той, хто кладзе канец бязладдзю і перакручванню рэчаіснасці. Каралеўская ўлада – гэта не ўзнагарода, гэта служба і клопат аб іншым чалавеку. І менавіта да такога валадарання запрашае Езус сваіх сяброў. Валадарыць з Хрыстом або быць хрысціянінам – гэта значыць быть слугой, быць неабыякавым да лёсу іншага чалавека, стаяць на варце чысціні веры, змагацца за нармальнасць навакольнай рэчаіснасці, не ківаць разам з усімі галавой, калі прымушаюць чорнае называць белым, дрэннае добрым і наадварот, быць актыўным членам грамадства з выразным бачаннем жыццёвых мэтаў. Сёння мы маем права ганарыцца сваім пакліканнем да валадарання. Бо гэта вялікая годнасць – быць сябрам Бога. Але адначасова мы павінны ўсведамляць, якая велізарная адказнасць кладзецца на нас. Таму што мы павінны быць не толькі тымі, хто можа расказаць свету пра незвычайнага Валадара і Яго Валадарства, але і даць прыклад сапраўднага валадарання. Быць прыкладам для ўсяго свету, быць тымі, на каго будуць раўняцца і за кім пойдуць. Увасабляць у сабе і сваім жыцці дзейсную любоў Бога.
Насамрэч гэта досыць няпростае заданне да выканання.
Каб навучыцца быць супрацоўнікам Бога і прыкладам для іншых, чалавек патрабуе дапамогі і настаўлення, а таксама таго, хто дапаможа не згубіцца на жыццёвых шляхах. Можа, менавіта з гэтай нагоды падчас сённяшняй урачыстасці Касцёл скіроўвае нашу ўвагу на вышэйшую духоўнаю семінарыю, дзе сваю фармацыю праходзяць будучыя святары. Сёння яны раз’ехаліся па парафіях, каб засведчыць, што сярод нас таксама ёсць маладыя людзі, якім не абыякавы лёс іншых людзей і нашай краіны, речаіснасці, у якой жывём мы і ў якой будуць жыць наступныя пакаленні. Якія гатовы не толькі працаваць на карысць будавання Божага Валадарства любові ў свеце, але ў будучыні таксама ўзяць на сябе адказнасць за іншых людзей і спадарожнічаць ім на шляху да Бога, даючы прыклад сапраўднага валадарання ў служэнні і любові.
Карыстаючыся нагодай сённяшняй ўрачыстасці, я ад імя ўсёй семінарыйнай супольнасці хацеў бы шчыра падзякаваць за вашу падтрымку – як за духоўную, так і за матэрыяльную.
За вашыя штодзённыя малітвы, Ружанцы, Вяночкі, за вашыя адрачэнні і пост у нашых інтэнцыях. За кожны ахвяраваны рубель. Дзякуй за дабрыню вашых сэрцаў, якой вы атачаеце семінарыстаў і святароў. Гэтую дабрыню мы адчуваем кожны дзень. Кожны дзень мы маем што з’есці, маем месца, дзе адпачыць, семінарысты маюць умовы для духоўнага і інтэлектуальнага ўзрастання. За гэта вам яшчэ раз вялікі дзякуй! Няхай добры Бог, які бачыць усю глыбіню вашага ахвяравання, шчыра вам аддзячыць! Мы не маем ніякіх крыніцаў даходу, таму спадзяемся на Бога і вашыя чулыя сэрцы.
І напрыканцы гэтых слоў падзякі хацеў бы звярнуць увагу на яшчэ адну важную патрэбу нашай семінарыйнай сям’і. Яна няспынна патрабуе новых членаў. Тых, хто пачуў у сваім сэрцы голас Божы, голас паклікання. Маліцеся аб новых святых пакліканнях. Маліцеся аб адвазе для тых, каго кліча Пан. Каб не баяліся ўступіць на гэты нялёгкі, але прыгожы шлях.
Дзякуй, што вы ёсць! Штодня мы памятаем пра вас у нашых малітвах.
Няхай добры Бог ахоўвае і благаслаўляе вас і вашых блізкіх!
Ліст на польскай мове па спасылцы.