6 лістапада пры санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Воранаве (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча з мастаком, дызайнерам, ілюстратарам, аўтарам дзвюх кніг для дзяцей Надзеяй Букай. Гэтая выдатная мастачка і проста надзвычайны чалавек правяла майстар-клас, які стаў па-сапраўднаму класным.
Праводзіўся ён у дзвюх групах, якія былі падзелены па ўзросце, і абедзве засталіся ў захапленні.
Першая група малявала сваіх анёлаў, якія, дарэчы, на самой справе атрымаліся вельмі падобнымі да дзяцей. Заданнем другой групы было намаляваць сваіх любімых святых, і яна таксама добра справілася з задачай. Дзіўна тое, што ва ўсіх атрымаліся сапраўды добрыя працы, нават у тых, хто на пачатку сумняваўся ў сваіх здольнасцях і казаў, што не ўмее маляваць.
Таксама Надзея дала ўдзельнікам некаторыя парады і здолела стварыць выдатную атмасферу для працы. З музыкай маляваць нашмат весялей, і душэўныя размовы зусім не перашкаджаюць, а дапамагаюць працоўнаму працэсу, ствараюць нейкую асаблівую, дзіўную хатнюю атмасферу.
Дзеці і моладзь яшчэ раз хочуць падзякаваць Надзеі за прысвечаны ім час і незабыўны ўрок. Як адзначаюць яны, у мастачкі атрымалася натхніць іх, і яны ўпэўненыя, што гэта не апошняя супольная сустрэча.
Карына Петрасян