1 лістапада адпустовая ўрачыстасць у гонар Усіх Святых адзначалася ў касцёле, які знаходзіцца на найстарэйшых гродзенскіх могілках, дзе спачывае шмат заслужаных для горада асобаў, а шматлікія надмагіллі маюць гістарычную і культурную каштоўнасць.
Па запрашэнні пробашча парафіі Найсвяцейшага Збавіцеля і Усіх Святых кс. Яўгена Барысюка ўрачыстасць узначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
У невялікай святыні традыцыйна ў першы дзень лістапада сабралося шмат вернікаў, якія прыйшлі, каб у малітве падзякаваць Богу за тых, хто адышоў з гэтага свету, за дар іх жыцця і за ўсё дабро, якое яны ўчынілі на зямлі.
У гаміліі біскуп казаў пра тры вымярэнні Касцёла: трыумфуючы – тыя, хто ўжо дасягнуў святасці; ваюючы – тыя, хто яшчэ пілігрымуе па зямлі; пакутуючы – тыя, хто на шляху да неба быў затрыманы ў чыстцы.
Разважаючы над Евангеллем, якое ў гэты дзень згадвае пра благаслаўленні, абвешчаныя Езусам, іерарх адзначыў, што гэтыя словы для сучасных хрысціян з’яўляюцца заахвочваннем да выпраўлення жыцця; для тых, хто ў чыстцы, гэта словы, поўныя надзеі і запэўнівання, а для ўсіх, хто ўжо дасягнуў святасці, гэта рэальнасць.
Біскуп прывёў прыклады з жыцця святых і благаслаўлёных нашай зямлі, якія пакінулі пасля сябе трывалы і неўміручы след святасці. Ён заахвоціў усіх прысутных не баяцца быць святымі, бо гэта запрашэнне, скіраванае Хрыстом да кожнага чалавека.
Таксама іерарх нагадаў пра ліст Папы Францішка, апублікаваны ў апошні час у форме Motu proprio, “Тады іх асвяціў” (“Aperuit illis”), у якім Пантыфік запрашае ўсіх дзяцей Касцёла наблізіцца да крыніцы Праўды і адказу на ўсе пытанні свету, каб нанова прачытаць Святое Пісанне.
“Давайце будзем нанова чытаць Святое Пісанне, бо хто ведае Святое Пісанне, той ведае Хрыста і не баіцца разважаць пра смерць і жыццё вечнае”, – заклікаў біскуп.
Пасля Імшы адбылася жалобная працэсія на могілках, падчас якой вернікі маліліся за ўсіх, хто скончыў зямную вандроўку і на шляху да неба затрымаўся ў чыстцы, каб перанесці пакаранне за грахі.
Кс. Юрый Марціновіч