26 кастрычніка ў парафіi Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Язафата ў Заневічах (дэканат Вялікая Бераставіца) адбылася ўрачыстасць, падчас якой шматлікія прысутныя вернікі маліліся праз заступніцтва благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай у яе літургічны ўспамін.
Маліліся таксама аб хутчэйшай кананізацыі благаслаўлёнай і беатыфікацыі яе дачкі слугі Божай Ядвігі. Цэліна і Ядвіга Бажэнцкія, маці і дачка, з’яўляюцца заснавальніцамі супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак. Кангрэгацыя Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста была заснавана ў Рыме ў 1891 годзе.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які паходзіць з гэтай парафіяльнай супольнасці.
У гаміліі іерарх казаў пра сляды, якія павінен пакінуць пасля сябе кожны чалавек на зямлі. Па яго словах, гэта павінны быць сляды дабра. Менавіта такія сляды ў сэрцах сваіх землякоў пакінула благаслаўлёная Цэліна, падкрэсліў Генеральны вікарый дыяцэзіі.
Біскуп дадаў, што благаслаўлёная на кожны этапе свайго жыцця была спачатку паслухмянай дачкой, потым узорнай жонкай, маці-выхавацелькай, затым удавой і руплівай законніцай.
Літургічны ўспамін бл. Цэліны, па словах іерарха, з’яўляецца пацвярджэннем таго, што святасць не недасяжная, а магчымая для кожнага, дастаткова толькі адкрыцца на дзеянне Божай ласкі ў сваім жыцці.
Ён нагадаў таксама пра патрэбу адкрыцця на Божае слова, заключанае ў Святым Пісанні, і падкрэсліў, што на ўзор благаслаўлёнай трэба шукаць адказу на турбуючыя пытанні.
Пасля Імшы вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі сваёй благаслаўлёнай зямлячкі.
Затым парафіяне на чале з іерархам скіраваліся ў Абрэмшчынy каля Заневіч, на месцa былога маёнтка, дзе ў 1853 г. Цэліна выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага і пераехала туды. Менавіта там у Бажэнцкіх нарадзілася чацвёра дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве. Там Бажэнцкія былі вядомыя сваёй дабрачыннай дзейнасцю. Цэліна неаднойчы аказвала матэрыяльную дапамогу бедным сем’ям, яе дочкі вучылі дзяцей катэхізісу, пісаць і чытаць.
Сёння ў гэтым месцы стаіць пабудаваная ў гонар бл. Цэліны невялікая капліца, у будоўлю якой укладзены сімвалічны камень з былога маёнтка Бажэнцкіх.
Хочацца пажадаць, каб благаслаўлёная Цэлінa Бажэнцкая выпрошвала ў Бога для жыхароў нашай зямлі, асабліва для жонак і маці, патрэбныя дары і ласкі і была ўзорам і заступніцай для ўсіх.
Kс. Юрый Марціновіч