19 кастрычніка Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі прыняў удзел у святкаванні 25-годдзя адкрыцця Дому фонду Яна Паўла ІІ у Любліне (Польшча).
Урачыстасці пачаліся святой Імшой, якую цэлебраваў кардынал Станіслаў Дзівіш, шматгадовы сакратар Яна Паўла ІІ. Затым адбылася сустрэча ў Каталіцкім універсітэце Любліна і мастацкая частка.
Біскуп Станеўскі, які быў стыпендыятам гэтага фонду ў час вучобы ў Каталіцкім універсітэце Любліна, выказаў удзячнасць за вялікі ўклад фонду ў падрыхтоўку будучых спецыялістаў – святароў і свецкіх людзей, якія будуць перадаваць далей атрыманыя ва ўніверсітэце веды.
Стыпендыяльную праграму фонду Яна Паўла ІІ стварыў кс. прафесар Марыян Радван, які добра ведаў рэлігійную сітуацыю ў краінах былога Савецкага Саюза. Ён шматразова бываў у Казахстане, Расіі, Украіне, Літве, а таксама Беларусі, бо хацеў пазнаёміцца з Касцёлам у гэтых краінах, пабачыць, у якіх умовах жывуць там людзі.
Падчас гэтых падарожжаў ён пераканаўся, што яны не з’яўляюцца выпадковымі, а звязаны з канкрэтнай місіяй, даверанай яму Богам. Калі ў Рыме ўзнік фонд Яна Паўла ІІ, а ў яго межах Польскі інстытут хрысціянскай культуры, кс. Марыян Радван стаў яго дырэктарам.
Ён цалкам усведамляў, што дзейнасць інстытута павінна быць накіравана перш за ўсё на Усходнюю Еўропу.
Такім чынам 1990 год стаў пачаткам рэалізацыі стыпендыяльнай праграмы фонду ў Любліне. Ксёндз Радван акрэсліў мэту гэтага так: “Фонд паўставаў для таго, каб несці хрысціянскую культуру людзям Усходу. А сёння хрысціянская культура – гэта не толькі малітва, а павага да прафесійнай кампетэнтнасці, дасканалае веданне абраных кірункаў навучання. Ніхто не з’яўляецца добрым хрысціянінам, калі толькі прамаўляе малітвы і не ўмее добра працаваць, захоўваць закон і любіць сваю краіну. Гэта сапраўдная евангелізацыя. Для гэтага быў заснаваны фонд, а ў яго межах стыпендыяльная праграма, каб выхоўваць сэрцы і розум новых людзей, якія панясуць Божае слова і сапраўдную мудрасць у краіны, з якіх паходзяць”.
Стыпендыяльная праграма ахоплівае кожны год каля 120 чалавек. У большасці гэта свецкія асобы, але таксама духавенства і сёстры законныя. Стыпендыяльная дзейнасць фонду Яна Паўла ІІ прыносіць добрыя плёны. За мінулыя гады існавання гэтай праграмы ёю скарысталася каля 1000 чалавек.
У межах прабывання ў Любліне біскуп Юзаф Станеўскі, які ў епіскапаце Беларусі адказвае за душпастырства моладзі, сустрэўся са студэнтамі, якія паходзяць з нашай краіны і зараз вучацца там.
У Год малой радзімы, які цяпер праходзіць у Беларусі, іерарх заахвоціў маладых людзей, каб пасля атрымання адукацыі яны вярнуліся ў сваю краіну. Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі нагадаў, что Беларусь іх чакае, бо сваёй прысутнасцю яны ўнясуць вялікі ўклад у развіццё нашай краіны.
Кс. Юрый Марціновіч