21 кастрычніка дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Яна Паўла ІІ, Папы, у Элку (Польшча). На ўшанаванне нябеснага апекуна парафіяльнай супольнасці запрасіў іерарха пробашч кс. доктар Тадэвуш Бялавус.
Урачыстасць была спалучана з Сусветнай місійнай нядзеляй, якая ў гэты дзень адзначалася ў паўсюдным Касцёле. Таму дзеці ў парафіі былі апрануты ў касцюмы, якія нагадвалі пра кантыненты, дзе служаць польскія місіянеры, каб такім чынам заахвоціць да малітвы за іх і патлумачыць вернікам, чым з’яўляецца місіянерства.
У гаміліі біскуп Станеўскі засяродзіўся на словах Яна Паўла ІІ, прамоўленых у дзень яго інаўгурацыі на Святы Пасад: “Не бойцеся, адчыніце насцеж дзверы Хрысту”.
Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі заахвоціў прысутных узяць на сябе тое вялікае намаганне, да якога заклікаў гэты Папа, і зразумець з яго словаў і ўчынкаў, што і нашым асноўным абавязкам з’яўляецца адчыніць дзверы Хрысту – праз абвяшчэнне і сведчанне, штодзённую працу, звязаную з будаваннем цывілізацыі любові, праўды і жыцця.
Карыстаючыся нагодай, іерарх падзякаваў Касцёлу ў Польшчы за вялікую дапамогу, якую ён аказваў і працягвае аказваць Касцёлу ў Беларусі, у прыватнасці праз руплівае і адданае служэнне святароў з Польшчы ў Гродзенскай дыяцэзіі і ва ўсёй Беларусі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: архіў парафіі