12 кастрычніка ў межах візітацыі Шчучынскага дэканату, якая адбываецца зараз, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафію Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы.
У гэты дзень там адзначалася таксама 30-годдзе вяртання парафіянам сваёй святыні. Касцёл у Ражанцы быў зачынены ў 1960 г. і прыстасаваны пад сховішча. У 1989 г. ксёндз Рышард Якубец на прыступках вернутай святыні цэлебраваў Імшу. У наступным годзе касцёл быў адноўлены і з таго часу зноў служыць вернікам як месца малітвы і сустрэчы з Богам.
Біскуп Станеўскі цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці і за тых, хто прычыніўся да паўстання і будаўніцтва касцёла.
Іерарх заахвоціў парафіян з такой жа адвагай і верай бараніць хрысціянскія каштоўнасці, якія сёння вельмі часта вымываюцца з грамадства. Ён падзякаваў вернікам за трыванне з Хрыстом, якога яны ставяць на першае месца і з якім хочуць ісці праз жыццё.
Таксама біскуп падзякаваў пробашчу парафіі кс. Юрыю Федуку, які адзначаў 22-годдзе прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння, за штодзённы клопат пра даручаных яму вернікаў і мясцовую святыню.
Кс. Юрый Марціновіч