Skip to main content

Землякі з Віленшчыны наведалі з віншаваннямі біскупа Аляксандра Кашкевіча

wilnus 311 кастрычніка група вернікаў з Віленшчыны (Літва) – найперш з парафій у Эйшышках, Бутрыманцах, Салечніках – наведала біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Вернікі ў колькасці каля 50 чалавек прыбылі з віншаваннямі да свайго земляка, які нядаўна адзначаў юбілей 70-годдзя.

Разам з пажаданнямі яны прывезлі прывітанні з родных мясцін іерарха. Сярод гасцей былі дзве яго настаўніцы, якіх біскуп прывітаў з вялікай радасцю і задавальненнем.

Падчас сустрэчы, якая адбылася ў біскупскай курыі, іерарх пазнаёміў гасцей з гісторыяй Гродзенскай дыяцэзіі і горада Гродна. Выказваючы ўдзячнасць за памяць, малітву і віншаванні, ён уручыў кожнаму з пілігрымаў альбом “Каталіцкія святыні Гродна”, выдадзены ў верасні гэтага года выдавецтвам “Pro Christo” у Мінску. У альбоме змешчаны гісторыя гродзенскіх святыняў на трох мовах (беларуская, польская, англійская) і прыгожыя здымкі старадаўніх і сучасных касцёлаў горада.

Затым у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя іерарх узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі літоўскіх пілігрымаў, атачыўшы малітвай іх сем’і і парафіяльныя супольнасці.

Біскуп выказаў падзяку пілігрымам за вялікую цікавасць да нашага горада і заахвоціў яшчэ не раз вяртацца сюды і заклікаць прыязджаць іншых.

Затым літоўцы адправіліся знаёміцца з каралеўскім горадам Гродна, наведваючы святыні і іншыя гістарычныя аб’екты.

Kс. Юрый Марціновіч