7 кастрычніка адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Ружанцовай у Падлабенні (Сапоцкінскі дэканат). На літургіі сабраліся шматлікія вернікі.
Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў дэкан Сапоцкінскага дэканату кс. Антоні Абухоўскі. У гаміліі а. Павел Раманчук OFMConv з Гродна нагадаў гісторыю ружанцовай малітвы, падкрэсліўшы яе сілу.
Францішканін адзначыў, што ў сённяшнія неспакойныя часы, калі мы бачым шмат зла і памылковых ідэалогій знішчэння сям’і, веруючы чалавек павінен часцей глядзець на Марыю, Маці нашага Пана Езуса Хрыста, і, беручы ў рукі тыя вечныя лекі для душы, якімі з’яўляецца ружанец, з адвагай ісці ў будучыню, давяраючы лёс свой і свету нябеснай Маці.
Пробашч кс. Казімір Жывалеўскі падзякаваў усім прысутным парафіянам і гасцям за ўдзел у літургіі і супольную малітву.
Імшы папярэднічала ружанцовае набажэнства з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якога вернікі атачылі асаблівай малітвай свае сем’і і блізкіх свайму сэрцу.
Няхай сёлетняя адпустовая ўрачыстасць яшчэ больш умацуе веру ў парафіянах Падлабення і дапаможа адкрыць прыгажосць ружанцовай малітвы, дзякуючы якой яны будуць прасіць у міласэрнага Бога шмат ласкаў.
Кс. Юрый Марціновіч