6 кастрычніка, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка, у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася дыяцэзіяльная сустрэча выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў.
На сустрэчы, арганізаванай душпастырствам настаўнікаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі, сабралося больш за 150 чалавек з розных парафій Гродзеншчыны.
У межах сустрэчы ўдзельнікі паслухалі канферэнцыю “Супольнасць Касцёла – месца сустрэчы з Езусам і іншым чалавекам”, з якой выступіў дыяцэзіяльны душпастыр настаўнікаў і выхавацеляў кс. канонік Антоні Грэмза. Святар звярнуў увагу на два аспекты: Касцёл як месца сустрэчы з Хрыстом і Касцёл як месца сустрэчы з іншым чалавекам.
Ксёндз Грэмза падкрэсліў, што, каб Касцёл станавіўся месцам сустрэчы з Богам і чалавекам, патрэбна адпаведная падрыхтоўка да годнага прыняцця святых сакрамэнтаў і іх плённага перажывання.
У праграме мерапрыемства была і праца ў групах, дзе разважалася аб ролі настаўніка ў супольнасці Касцёла, парафіі, школы і сям’і. Гэта была магчымасць дзялення перажываннямі ад прысутнасці ў супольнасці і магчымасць сведчанняў.
Адбылася таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі даверылі Богу новы навучальны год і сваіх вучняў, сярод якіх працуюць штодзень.
Найважнейшым пунктам сустрэчы была святая Імша, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі ён падкрэсліў выключную ролю, якую адыгрываюць у жыцці настаўнікі. Іерарх нагадаў, што кожны чалавек павінен рэалізаваць сваё пакліканне да служэння Богу і супольнасці, у якой жыве.
Ад імя Касцёла біскуп падзякаваў усім, хто ўдзельнічае ў працы навучання дзяцей і моладзі. Ён пажадаў, каб дабро, што прысутнічае ў дзецях і моладзі, якіх яны вучаць, было абуджана, каб высакароднае станавілася яшчэ прыгажэйшым і каб такім чынам можна было будаваць добрую будучыню маладых людзей, даручаных іх апецы, а таксама добрую будучыню нашай краіны і Касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч