4 кастрычніка адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Францішка Асізскага адбылася ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат). Святы бядняк з Асізі асабліва ўшаноўваецца ў гэтай парафіі, дзе шмат гадоў служаць яго духоўныя сыны – Закон братоў меншых канвентуальных (францішкане).
Урачыстасці, якія сабралі шматлікае духавенства і вернікаў, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Імшы ён удзяліў групе вернікаў парафіі сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
Прысутных вітаў пробашч парафіі а. Багуслаў Вуйтовіч OFMConv. Ён адзначыў, што гэты дзень асаблівы для мясцовых вернікаў, бо яны хочуць углядацца ва ўзор жыцця і святасці сго апекуна св. Францішка, якому прысвечаны таксама бакавы алтар у прыгожай гістарычнай святыні.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай курыі кс. Юрый Марціновіч засяродзіў увагу на постаці св. Францішка, між іншым на яго евангельскім ідэале ўбоства. Ён адзначыў, што падчас свайго зямнога жыцця святы ў сваім служэнні патрабуючым даваў ім найперш сябе.
“Не маючы ўжо матэрыяльных рэчаў, бо раздаў іх раней, ён апошнія гады жыцця даваў людзям няшмат, але самае важнае – супакой і дабро”, - сказаў святар, падкрэсліўшы, што гэта найцудоўнейшы дар, які можна даць іншаму.
Урачыстасць скончылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні і старадаўняга кляштара. Пасля біскуп Кашкевіч выказаў удзячнасць за дар супольнай малітвы і заклікаў асабліва маладых людзей браць прыклад са св. Францішка, які ўмеў заўсёды ставіць Бога на першае месца і служыць Яму ў вялікай пакоры і паслухмянасці.
JM
Фота: Людмiла Пясецкая