6 кастрычніка ў парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар Маці Божай Ружанцовай, абраз якой змешчаны ў бакавым алтары касцёла.
Перад распачаццем святой Імшы вернікі мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Па запрашэнні пробашча парафіі кс. Аляксандра Лебядзевіча адпустовую ўрачыстасць узначаліў кс. Алег Пятрашка, духоўны айцец студэнтаў першага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і Пінску.
У гаміліі святар разважаў аб даверы да Бога. Прыкладам гэтага даверу для кожнага чалавека з’яўляецца Маці Божая, якая, нават не да канца разумеючы словы анёла Габыэля, прыняла Божую волю і з пакорай згадзілася стаць Маці Божага Сына. Святар падкрэсліў моц ружанцовай малітвы, заклікаў вернікаў маліцца на ружанцы, бо ён з’яўляецца самай магутнай зброяй у барацьбе са злом.
Літургію аздабляў спевам парафіяльны хор.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол святыні. Спыняючыся каля кожнай з пяці каплічак, умураваных у агароджу вакол касцёла, вернікі разам са святарамі маліліся на ружанцы.
Нягледзячы на халодны дзень, прысутныя шчыра даверылі Марыі і Езусу ў гэтай малітве свае турботы і радасці.
Напрыканцы ўрачыстасці пробашч кс. Аляксандр Лебядзевіч падзякаваў кс. Алегу Пятрашку за мудрыя словы навукі, вернікам – за падрыхтоўку да ўрачыстасці і супольную малітву.
Людміла Пясецкая