29 верасня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла сустрэча малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка” Гродзенскай дыяцэзіі.
Сустрэча пачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой вернікі маліліся за святароў, аб чыім пастырскім служэнні моляцца штодзень.
Кульмінацыяй сустрэчы стала Імша, якую ўзначаліў духоўны айцец семінарыі і адказны за групу “Маргарытка” ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Сарэла.
Ад імя ўсіх святароў дыяцэзіі на чале з біскупамі ён падзякаваў тым, хто штодзённа ахвяруе за святароў малітвы, цярпенні і ахвяры.
Малітоўная група “Маргарытка” паўстала ў Гродзенскай дыяцэзіі некалькі гадоў таму па ініцыятыве кс. Валерыя Быкоўскага і саміх свецкіх вернікаў.
Сутнасць апостальскага руху “Маргарытка” – штодзённая малітва за канкрэтных святароў. Членамі гэтага руху становяцца людзі, якія жадаюць аберагаць сваіх пастыраў самай паспяховай зброяй, якой з’яўляецца малітва, і ўмацоўваць сваю асабістую сувязь з Хрыстом праз пасрэдніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Леановіч