26 верасня ў Люблiнскiм каталiцкiм унiверсiтэце св. Яна Паўла II (Польшча) кс. Юрый Бяганскi, кусташ санктуарыя Мацi Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, абаранiў доктарскую дысертацыю.
Дысертацыя прысвечана тэме “Літургічная рэформа i аднаўленне на тэрыторыi Гродзенскай дыяцэзii пасля Другога Ватыканскага Сабору”.
Навуковым кіраўніком у вядзенні навуковага даследвання і ў напісанні працы быў кс. прафесар Багуслаў Мігут.
У сваёй працы кс. Юрый Бяганскі паставіў мэтай адказаць на пытанне, у якой ступені ўказанні, якія датычаь рэформы літургіі Другога Ватыканскага Сабору, адлюстраваліся ў жыцці Касцёла ў Гродзенскай дыяцэзіі. Мэтай працы была таксама ацэнка згоднасці літургічнай рэформы, якая праводзілася ў гэтай дыяцэзіі, з рысамі той жа рэформы ў паўсюдным Касцёле. У працы разглядаецца час ад 1964 (заснаванне Рады па выкананні Канстытуцыі аб Літургіі) да 2016 гг.
Крыніцамі для напісання працы сталі найперш афіцыйныя дакументы Касцёла, якія датычаць літургіі, такія, як дакументы Другога Ватыканскага Сабору, энцыклікі, адгартацыі і Апостальскія канстытуцыі, а таксама дакументы Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і Грозенскай курыі. Акрамя дакументаў Касцёла, выкарыстаны літургічныя кнігі, выдадзеныя як на польскай мове, так і ў перакладзе на беларускую.
З прычыны невялікай колькасці друкаваных крыніц у выглядзе дакументаў, якія датычаць ходу рэформы ў Гродзенскай дыяцэзіі, неабходна было правядзенне шматлікіх інтэрв’ю. Яны таксама з’яўляюцца сведчаннем таго, што да аднаўлення Касцёла і яго літургіі прычыніліся не самі ўстановы, а жывыя людзі.
Праца мае чатыры раздзелы. У першым раздзеле пад назвай “Літургія і яе значэнне ў жыцці і дзейнасці Касцёла” ўказваецца прырода літургіі і гаворыцца пра развіццё літургічнага душпастырства ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Другі раздзел “Цэлебрацыя святой Імшы і эўхарыстычны культ па-за святой Імшой” прадстаўляе найперш структуру святой Імшы і імшальных кніг пасля Другога Ватыканскага Сабору.
У трэцім раздзеле распавядаецца пра літургічную рэформу сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў у Гродзенскай дыяцэзіі.
Іншыя пытанні, звязаныя з рэформай літургіі, разглядаюцца ў чацвёртым раздзеле “Асвячэнне часу і іншыя формы хрысціянскага культу”.
Найважнейшым унёскам, які ўтрымлівае праца, з’яўляецца ўказанне на патрэбы адрознівання паміж літургічнай рэформай і літургічным аднаўленнем. Літургічная рэформа засноўваецца на змене формы, значыць на змене спосабу цэлебрацыі. Аднаўленне ж з’яўляецца чымсьці большым, чым рэформа, бо датычыць такога здзяйснення літургіі і ўдзелу ў ёй, пры якім чалавек яднаецца ў ёй з Хрыстом і моцай Духа Святога пастаянна змяняе сваё жыццё. Дзякуючы аднаўленню ўсё жыццё становіцца літургіяй. Хоць літургічную рэформу ў Гродзенскай дыяцэзіі можна прызнаць скончанай, аднаўленне літургіі ўсё яшчэ застаецца важным выклікам для вернікаў і павінна стаць ім таксама для душпастырства ў дыяцэзіі. Варта спадзявацца, што гэтаму паспрыяе І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, скліканы 21 лістапада 2016 г.
У сваёй працы кс. Бяганскі падкрэслівае, што, нягледзячы на інтэнсіўную дзейнасць на карысць правядзення паслясаборнага аднаўлення, Касцёлу ў Беларусі застаецца патрэбна новая евангелізацыя, якая цесна злучана з літургічным аднаўленнем. Па яго словах, адным з найважнейшых выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам на Гродзеншчыне, з’яўляецца, несумненна, душпастырства моладзі, якая хоча быць сучаснай і адначасова, бачачы пагрозы секулярызаванага свету, хоча захаваць сваю хрысціянскую тоеснасць. Побач з клопатам пра моладзь другой пастырскай праблемай з’яўляецца сям’я – фундамент кожнага грамадства.
Рэцэнзенты доктарскай дысертацыі кс. прафесар Яцэк Новак SAC i кс. прафесар Станіслаў Арашчук падчас абароны падкрэслілі, што гэтая праца павінна быць абавязкова перакладзена на беларускую мову і надрукавана.
Кс. Юрый Марціновіч