1 верасня наймалодшую гродзенскую парафію Святога Духа (Альшанка) наведаў дапаможны біскуп Гродзенскайдыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Разам са шматлікімі дзецьмі і іх бацькамі іерарх маліўся ў інтэнцыі ўсіх, хто распачынае новы навучальны і катэхетычны год.
Падчас Эўхарыстыі біскуп маліўся за ўсіх дзяцей і моладзь парафіі, а таксама ў інтэнцыі новай сярэдняй школы №41, якая была адкрыта ў Альшанцы ў Дзень ведаў і стала самай вялікай у Гродзенскай вобласці.
На пачатку Імшы пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда запрасіў шматлікіх прысутных да супольнай малітвы разам з біскупам, “каб новы час вучобы ў школе і катэхетычным класе даў маладым людзям магчымасць інтэлектуальнага і духоўнага развіцця”.
На пачатку гаміліі біскуп нагадаў сабраным пра важнасць чалавечай фармацыі, як у школе, так і на катэхетычных занятках. Кажучы пра адчыненыя дзверы капліцы, іерарх падкрэсліў, што яны адчынены для сустрэчы кожнага з Хрыстом.
Звяртаючыся да бацькоў, біскуп, разумеючы іх вялікую працу выхавання, адзначыў, што такім чынам дарослыя дбаюць пра тое, каб наступнае пакаленне было яшчэ лепшым.
“Вельмі важна для ўласных дзяцей, акрамя інтэлектуальнай фармацыі, акрамя пазнання матэматыкі і розных іншых важных прадметаў, зрабіць усё, каб гэтае маладое пакаленне пазнала Бога. Пан Езус чакае кожнае дзіця, якое павінна напоўніць сваё сэрца Божай любоўю, каб дзяліцца гэтым з іншымі”, – сказаў іерарх.
На заканчэнне Імшы дзеці і моладзь падзякавалі біскупу за супольную малітву і словы Хрыстовай навукі. У гэты дзень таксама іерарх асвяціў новы арган, які з гэтага часу будзе служыць людзям падчас набажэнстваў у капліцы, а пазней і ў новым касцёле.
Акрамя таго, у гэты дзень парафію наведалі і прынялі ўдзел у супольнай малітве супрацоўнікі Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі разам са сваім дырэктарам кс. Віталіем Дабраловічам. Пасля кожнай Імшы парафіяне маглі падысці да спецыяльнага століка і пазнаёміцца з дзейнасцю дабрачыннай арганізацыі, а дзяцей чакала шмат прыемных сюрпрызаў.
Таксама дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі ў гэты дзень падарыла для 50 дзяцей новыя заплечнікі, напоўненыя школьнымі прыладамі.
Пасля абеду для дзяцей былі арганізаваны конкурсы і забавы, а на заканчэнне салодкі стол.
У парафіі ў Альшанцы праводзяцца заняткі па рэлігіі для ўсіх узроставых груп дзяцей, пачынаючы ад дашкольнікаў. Варта адзначыць, што ў мінулым годзе кожны тыдзень гэтыя ўрокі наведвала 600 дзяцей.
JM