27-29 жніўня прайшоў трансмежны семінар “Беларусь – Літва”. Удзельнікі семінару пабывалі ў Іўеўскім, Воранаўскім, Смаргонскім і Астравецкім раёнах Беларусі, а таксама ў Шальчынінкскім раёне і Вільнюсе ў Літве.
Як паведамляе сайт воранаўскай газеты voran.by, у межах семінару кіраўнікі турыстычных аператараў, супрацоўнікі Дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага агенцтва па турызму наведалі каталіцкія святыні ў Воранаўскім раёне.
Між іншым яны наведалі санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. Кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі распавёў пра гісторыю святыні і цудатворны абраз.
Таксама яны наведалі помнік драўлянага дойлідства ў стылі неаготыкі з элементамі мадэрнізму – касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвалішках.
У Беняконях удзельнікі семінару пабачылі святыню св. Яна Хрысціцеля. Іх уразіў не толькі яе велічны знешні выгляд, але і багатае ўнутранае ўбранне.
Па меркаванні многіх удзельнікаў семінару, Воранаўшчына мае добры турыстычны патэнцыял. У розных кутках раёна ёсць чым здзівіць і прыцягнуць замежных гасцей, тым больш што хутка ўступіць у сілу ўказ №300 аб уключэнні Воранаўскага раёна ў бязвізавую зону.