Моладзь парафіі ў Мастах сёлета па запрашэнні айцоў піяраў патрапіла на “канікулы з Богам” у Шчучын. Пра гэта распавялі самі ўдзельнікі.
Лета – гэта тая пара, калі чалавек можа прысвяціць больш свайго асабістага часу на праслаўленне Пана. Прыехаўшы ў Шчучын, мы сталі сведкамі таго, як Пан Бог яднае розных людзей - і маленькіх, і крыху старэйшых, і дарослых.
Гэтыя “канікулы з Богам” былі прысвечаны тэме “Шчаслівыя тыя, хто слухае і выконвае слова Божае”. Разам з усімі ўдзельнікамі кожны дзень мы перажывалі незабыўныя супольныя хвіліны, сустракаючыся на штодзённых малітвах, гульнях, забавах і танцах.
Дадаткова кожны вечар для выхавацеляў і старэйшай моладзі рыхтаваліся невялікія вячоркі: адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовы шлях, а таксама праслаўленне Бога спевам на вуліцах горада.
Што найбольш застанецца ў нашай памяці? Думаю, дзеці! Прыемна было бачыць усмешкі на іх захопленых тварах, іх радасныя вочы. Гэта быў цудоўны час, мы сапраўды адчулі сябе шчаслівымі.
Хочацца падзякаваць Богу за тое, што Ён падарыў нам магчымасць быць там, а таксама айцам піяраў, якія ахвотна запрасілі нас на першыя для нас у Шчучыне “канікулы з Богам”.
З нецярпеннем будзем чакаць наступнага лета, каб зноў сустрэцца з вялікай шчучынскай сям’ёй!
Ганна Лагоцкая
Фота: а. Віталій Слука SP, Рыта Янкоўская