15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, адбылася пешая пілігрымка з парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі да Маці Божай Дудскай.
У парафіяльным касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах знаходзіцца старадаўні абраз Маці Божай. Працягласць гэтай пілігрымкі толькі шэсць кіламетраў, аднак шлях быў напоўнены асаблівым духам малітвы. Удзельнікі маліліся найперш за сем’і нашай краіны, аб пашане да хрысціянскіх каштоўнасцяў з боку сучасных людзей.
Прыйшоўшы да святыні ў Дудах, кожны пілігрым перад абразом Найсвяцейшай Маці даручыў Ёй свае асабістыя справы і штодзённыя клопаты. Перад гэтым цудатворным абразом быў час на шчырую і праўдзівую размову з Богам.
Затым пілігрымы прынялі ўдзел у адпустовай Імшы ў касцёле, якую ўзначаліў дэкан Іўеўскага дэканату кс. Віктар Субель.
JM