14 жніўня, у свята св. Максімільяна Кольбэ, святара і мучаніка, другараднага апекуна Гродзенскай дыяцэзіі, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася святая Імша.
На Эўхарыстыі сабраліся канонікі катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра, а таксама шматлікія вернікі. Узначаліў літургію дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У гаміліі іерарх узгадаў пра асобу св. Максімільяна, францішканіна, вязня нямецкага канцлагеру ў Асвенцыме, мучаніка, які аддаў жыццё за іншага вязня, а ў 1922-1927 гг. служыў у францішканскім касцёле ў Гродне.
Біскуп дадаў, што гэты манах і місіянер актыўна распаўсюджваў культ Марыі Беззаганнай. З гэтай мэтай ён заснаваў апостальскі рух “Рыцарства Беззаганнай” і выдаваў часопіс “Рыцар Беззаганнай”, які доўгі час выходзіў у Гродне.
Іерарх падкрэсліў, што гэты святы, які быў вязнем канцлагеру, застаўся ўнутрана свабодным. І менавіта гэтая свабода дазволіла яму аддаць сваё жыццё ў ахвяры за іншага чалавека.
Біскуп заахвоціў прысутных дзякаваць Богу за прыклады святых людзей. “Падзякуем за святога Максімільяна, нашага апекуна, за тое, што пакінуў нам прыклад ахвяравання жыцця за брата, згодна з евангельскім прынцыпам і жывым прыкладам Пана Езуса Хрыста”, – сказаў ён.
Падчас Імшы маліліся аб жывой веры для ўсіх католікаў Гродзенскай дыяцэзіі, каб яны вытрывалі ў веры сваіх продкаў.
У Гродзенскай дыяцэзіі літургічны ўспамін св. Максімільяна з’яўляецца днём малітоўнай памяці пра загінулых за веру ў канцлагерах і вязніцах.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Яўген Амасёнак