10 жніўня ў парафіі Св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адбылася Імша ў першую гадавіну смерці с. Тэрэзы (Соф’і) Грынь з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).
Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што малітва – найпрыгажэйшы падарунак, які могуць людзі, што жывуць на зямлі, ахвяраваць памерлым.
Паля Імшы ўдзельнікі – члены сям’і, блізкія, вернікі з Каменкі і Адэльска – памаліліся на магіле памерлай законніцы, якая пахавана на мясцовых могілках.
Сястра Тэрэза 50 гадоў служыла арганісткай у роднай парафіі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Адэльску. Сама яна паходзіла з парафіі Cв. Юрыя ў Новай Рудзе, дзе ў 1956-1986 захоўваўся абраз Езуса Міласэрнага, намаляваны паводле ўказанняў св. сястры Фаўстыны Кавальскай Яўгеніюшам Казіміроўскім.
Сястра Тэрэза таксама ўпісалася ў гісторыю цудатворнага абраза. Калі ўзнікла небяспека з-за вельмі напружанай палітычнай сітуацыі і ўлады пастанавілі ператварыць навагрудскі касцёл у склад, і з’явілася боязь, што абраз можа лёгка быць знішчаны, было прынята рашэнне перавезці яго ў Вільню.
Увосень 1986 г. адбылася незвычайная акцыя па вывязенні абраза з Новай Руды. Перад гэтым с. Тэрэза Грынь прыбыла спецыяльна з Адэльска, каб зарыентавацца, як лепш правесці гэтую аперацыю і якія прыстасаванні для гэтага патрэбны. Затым кс. Грасевіч сабраў каманду для выканання задання, у склад якой уваходзілі між іншым сёстры з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці.
Сястра Тэрэза Грынь была сярод гэтых людзей, якія ўвайшлі ў касцёл Новай Рудзе, падняліся на вышкі і, дэмантаваўшы частку драўлянай сцяны, зацягнулі абраз на дах. Першую выяву Хрыста Міласэрнага знялі са сцяны і скруцілі ў рулон, а на сцяне павесілі копію гэтага абраза, выкананую Марый Шоцік.
Пасля абраз быў перавезены ў Вільню, дзе знаходзіцца і сёння і ўшаноўваецца вернікамі з усяго свету.
Kс. Юрый Марціновіч