У ноч з 4 на 5 жніўня ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя прайшло малітоўнае чуванне перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай – Апякункі студэнтаў і Заступніцы города над Нёманам.
Багародзіца ў сваёй святой выяве – цудатворным абразе Маці Божай Кангрэгацкай, змешчаным у бакавой капліцы гродзенскай катэдральнай базылікі, – на працягу стагоддзяў ахінае сваёй матчынай любоўю моладзь і кожнага, хто з дзіцячым даверам звяртаецца да Яе па дапамогу.
Адказны за душпастырства моладзі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі таксама далучыўся да святкавання гэтай незвычайна важнай для горада над Нёманам падзеі. Іерарх узначаліў святую Імшу апоўдні 5 жніўня.
У прамоўленым Божым слове ён яшчэ раз заклікаў прысутных чытаць паслясінадальную Апостальскую адгартацыю Папы Францішка “Christus Vivit” (“Хрыстус жыве”), напісаную ў форме ліста да моладзі.
Біскуп не абмінуў і старэйшае пакаленне, якое таксама заахвоціў да знаёмства з папскім пасланнем, нагадаўшы пра адказнасць, якую старэйшыя нясуць за выхаванне будучага пакалення.
Малітоўнае чуванне перад цудатворным абразом Маці Божай Кангрэгацкай завяршылася супольнай святой Імшой, падчас якой біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падзякаваў Богу за безліч ласкаў, атрыманых жыхарамі Гродна праз рукі Найсвяцейшай Панны Марыі, Апякункі студэнтаў і моладзі.
Яўген Амасёнак