Хвала Хрысту! Вітаю з пілігрымкі Гродна – Рось. З вамі на сувязі Воля Сяліцкая.
Дзень першы
Пешае паломніцтва ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі распачалося Эўхарыстыяй у гродзенскім касцёле ў мікрараёне Паўднёвы. Св. Імшу цэлебраваў наш пастыр кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Лічу гэта добрым пачаткам на нялёгкім шляху.
Я малілася, каб было добрае надвор’е. Відаць, Бог пачуў маю просьбу: дождж мінуў. Дзякуй, Божа!
Як і ў кожнай пілігрымцы, маем музычнае суправаджэнне. Наша група адметная яшчэ і тым, што спевам падбадзёрвае кіраўнік пілігрымкі кс. Юрый Марціновіч. Гэта дадае ўдзельнікам настрою і сіл!
На абедзе ў Квасоўцы нас гасцінна віталі мясцовыя жыхары на чале з кс. Міхалам Ластоўскім. На хвіліну здалося, што прыйшлі ў Капцёўку.) Але ж не, рухаемся ў правільным накірунку.
Канферэнцыю для пілігрымаў прамовіў кс. Ян Раманоўскі. Разважалі ў дарозе на тэму “Значэнне сям’і ў жыцці чалавека”. Святар акцэнтаваў увагу на тым, што “сям’я – гэта асаблівы шлях да святасці”, “кожны паходзіць з сям’і, у кожнай сям’і павінны закладацца такія каштоўнасці, як любоў, прабачэнне, чуласць, ахвярнасць”.
Калі ўжо амаль не было сіл, распачаўся крыжовы шлях. Ён быў сапраўды вельмі цяжкі, але мы справіліся.
Па дарозе наведвалі вясковыя касцёлы і капліцы. Мясцовыя жыхары часта сустракалі нас са слязьмі на вачах. Вельмі кранальны момант…
На апошнім прыпынку для пілігрымаў быў падрыхтаваны сюрпрыз: торт, падарункі і нават салют! Адзначалі 18-ты год, як у Рось упершыню вырушыла пілігрымка. Своеасаблівае паўналецце!
Скончыўся доўгі шлях малітвай. За дзень прайшлі амаль 50 км. На начлег спыніліся ў Вялікіх Эйсмантах. Крыху перавядзем дух – і заўтра зноў у дарогу.
Дзякуй, Божа, за гэты цудоўны дзень!
Вольга Сяліцкая