У ліпені пры парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат) адбыўся летнік для скаўтаў.
Падчас яго ўдзельнікі мелі магчымасць вучыцца сяброўскаму і сардэчнаму стаўленню да ўсіх людзей, гатоўнасці і ўменню бескарыслівага служэння іншым, Богу і пастаяннай працы над сабой. Таксама гэта была нагода выхоўвання і ўдасканальвання ўласнай асобы. Арганізатары прыгадалі, што скаўт заўсёды гатовы патрабаваць ад сябе, нават калі іншыя гэтага ад яго не патрабуюць.
Удзельнікі ўзгадалі, што быць скаўтам – значыць развівацца і станавіцца ўсё лепшым чалавекам. Калі скаўт штосьці абяцае, то безумоўна споўніць сваё абяцанне, калі кажа штосьці, то яму можна верыць.
Летнік быў нагодай усвядоміць, што скаўт не чакае, калі зтосьці звернецца да яго з просьбай аб дапамозе, а сам заўважае людзей, якія патрабуюць яго дапамогі, месцы, дзе ён можа быць патрэбны. Для скаўта кожны чалавек важны. Скаўт не праходзіць абыякава каля тых, каго крыўдзяць, ён чулы да праблем іншых. У міжчалавечых кантактах ён адкрыты і талерантны, стараецца зразумець кожнага, знайсці ў ім каштоўнае.
Скаўт, як было нагадана, мае пачуццё ўласнай годнасці і шануе годнасць іншых. Ён не баіццца супрацьстаяць непавазе, нецярпімасці і насіллю. Ён жыве ў блізкасці з прыродай, таму імкнецца як мага лепей яе пазнаць і добра зразумець. Ён жыве ў згодзе з прыродай, ставіцца да яе сапраўды па-сяброўску.
Скаўт давярае сваім бацькам і выхавацелям, ведае, што яны хочуць для яго самага лепшага, таму сумленне выконвае давераныя яму імі абавязкі. Скаўта можна пазнаць па тым, што тое, што ён робіць, прыносіць яму радасць. Ён пазітыўна ставіцца да людзей. Нават у цяжкіх сітуацыях ён умее захоўваць аптымізм, каб лягчэй справіцца з праблемамі.
Жанна Вераціла