Skip to main content

Хор з віленскай архікатэдры наведаў Гродна

katedra hor 397 ліпеня ў Гродна прыбыў хор з архікатэдральнай базылікі св. Станіслава і св. Уладзіслава ў Вільні (Літва).

Наведваючы горад над Нёманам, харысты прынялі ўдзел у святой Імшы ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, упрыгожыўшы літургію сваім спевам.

Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх вельмі сардэчна прывітаў гасцей, адзначыўшы, што Касцёл на Гродзеншчыне мае шмат супольнага з Віленскай архідыяцэзіяй.

На Эўхарыстыі сабралася між іншым шматлікая супольнасць літоўскіх вернікаў.

У гаміліі іерарх разважаў над літургіяй слова гэтага дня. Ён падкрэсліў, што Езус Хрыстус, як калісьці патрабаваў апосталаў, так і сёння “патрабуе нашых сэрцаў і рук, нашых вуснаў, вачэй і вушэй, каб зразумець і каб схіліцца над кожным чалавекам”.

“Трэба, каб і мы былі сярод вызначаных сямідзесяці двух вучняў, якіх Бог высылае перад сабой у кожнае месца і мясцовасць, куды сам намерваецца прыйсці”, – дадаў біскуп.

Пасля Імшы хор з Вільні выканаў яшчэ некалькі творай перад сабранымі ў святыні. Прысутныя ўзнагародзілі спевакоў гучнымі апладысментамі. Біскуп Аляксандр, які асабліва звязаны з Вільняй, бо 10 гадоў быў там пробашчам у парафіі Духа Святога, ад імя ўсіх выказаў гасцям словы ўдзячнасці, а таксама падзякаваў за супольную малітву.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Максімільян Пік