29 чэрвеня паблізу старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага - Навагрудка, на беразе Нёмана, чыстага і хуткага, на легендарнай зямлі Любчанскай адбылося вялікае свята. Унікальнае па сваёй значнасці - асвячэнне новага храма Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага. Любча вядомая з самых старажытных часоў і заўсёды знаходзілася ў цэнтры важных гістарычных падзей. За Любчу ваявалі, яе разбуралі і зноў аднаўлялі.
Менавіта ў Любчы, па сведчаннях старажытных дакументаў, ў 1250 годзе баярынам Андрэем Васільевічам Кіянам быў закладзены першы на тэрыторыі ВКЛ каталіцкі храм і дамініканскі кляштар.
Існуе легенда, што ў 1253 годзе тут быў каранаваны Міндоўг, вялікі князь літоўскі. Аднак святыня была цалкам разбурана разам з Любчанскім замкам падчас руска-польскай вайны. На працягу многіх гадоў адзіным каталіцкім храмам у Любчы была невялічкая капліца на тэрыторыі адноўленага замку, але і яна не перажыла Другой сусветнай вайны. У даваенныя гады ў Любчы быў пабудаваны касцёл, які, на жаль, так і не дачакаўся асвячэння і пасля прыходу войскаў Чырвонай Арміі быў пераўтворана ў склад, а пазней у жылы дом, якім і застаецца дагэтуль.
Такім чынам на працягу 80 гадоў у Любчы не было храма, дзе б мясцовыя каталікі маглі сабрацца на малітву. У пачатку двухтысячных гадоў па просьбах вернікаў раённая адміністрацыя выдзяліла любчанскім парафіянам невялікі драўляны будынак, некалі зубапратэзную паліклініку, дзе і праходзілі набажэнствы.
Нарэшце, наступіў знамянальны дзень, і ў Любчы ўзнёсся ў неба шпіль 18-і метровай вежы з зіхатлівым крыжом, а ў новым храме загучалі чароўнай прыгажосці галасы пеўчых і музыка аргана! Гэтага дня чакалі доўга і ўпартай працай набліжалі яго ўсе вернікі Любчы. Аднак яны былі не самотныя ў сваіх стараннях. Многія праваслаўныя суайчыннікі і іншыя памагатыя з Навагрудка, Гродна, Мінска і другіх гарадоў, а так жа з Польшчы ўнеслі свой вялікі ўклад у пабудову новай святыні.
Дзень асвячэння з самай раніцы быў ветраным, а неба крыху хмурным. Аднак на вуліцах пасёлка са світання ішла карпатлівая падрыхтоўка да вялікай урачыстасці. У паветры лунаў водар свежых кветак. Вяліся апошнія падрыхтоўчыя працы і пачыналі прыязджаць першыя госці. Бліжэй да абеду ў небе паміж хмар з'явіліся першыя прамяні сонца і ўрачыста заззяў бліскучы крыж новага храма. Усе з нецярпеннем і трапятаннем чакалі галоўнай падзеі.
Свята пачалося каля брамы Любчанскага замка. Там быў устаноўлены памятны знак, які будзе нагадваць людзям пра тое, што менавіта паблізу гэтага месца некалі стаяў першы каталіцкі храм на тэрыторыі ВКЛ. Затым усе сабраныя прайшлі шэсцем да храма. На парозе касцёла ўрачыстую працэсію сустракалі парафіяне. Яны ўручылі традыцыйны каравай біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу і біскупу Пінскаму Антонію Дзям'янка. Па завяршэнні св. Імшы, пры выхадзе з храма іерархі ўрачыста выпусцілі ў неба пару белых галубоў. Птушкі ўзняліся ў неба над храмам і амаль адразу апусціліся на дах капліцы, не жадаючы аддаляцца ад яе.
Затым урачыстасць перанеслася на вуліцы пасёлка і перарасло ў вялікае свята з канцэртам. Выступілі як артысты, якія прыехалі з Мінска, Бабруйска, Навагрудка і Клецка, так і таленты Любчанскай зямлі. Шматлікія ўмельцы і рамеснікі песцілі ўсіх гасцей хатняй выпечкай, шэдэўрамі народных промыслаў і проста дарылі ўсім цяпло сэрцаў. Свята працягвалася да глыбокага вечара. Нягледзячы на дробны дожджык, у сэрцах усіх прысутных працягвала свяціць цёплае сонца радасці за тое, што ўсё нялёгкія працы ўвянчаліся поспехам і на зямлі Любчы з'явілася яшчэ адна святыня - касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Наталля Крапівіна
Фота: Вольга Пісар, "Новае Жыццё"