30 чэрвеня, у адпустовую ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафію ў Ізабэліне (Ваўкавыскі дэканат).
Падчас урачыстай Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці групе мясцовых вернікаў.
На літургіі сабраліся шматлікія парафіяне, госці і святары.
У гаміліі біскуп засяродзіўся на постацях вялікіх апосталаў Пятра і Паўла, чые жыццёвыя шляхі быў вельмі рознымі. Ён падкрэсліў, што апосталы, умацаваныя дарамі Духа Святога, здолелі пакінуць усё і пайсці за Хрыстом, стаць Яго адважнымі сведкамі і споўніць атрыманую місію.
Звяртаючыся да тых, якія ў гэты дзень былі канфірмаваны, біскуп звярнуў увагу, што для абароны веры кожнаму чалавеку патрэбны Святы Дух, бо дзякуючы адкрыццю на Яго дзеянне чалавек зможа змяніць сваё жыццё на лепшае.
Біскуп заахвоціў асабліва маладое пакаленне вернікаў на ўзор апосталаў на шляху свайго дарослага жыцця прыняць у сэрца навуку Езуса і старацца быць заўсёды сапраўднымі сведкамі ў сваім асяроддзі працы і вучобы.
На заканчэнне пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA падзякаваў усім за малітву, а біскупу за прыбыццё ў парафію.
Затым усіх чакала культурная праграма, падчас якой вернікі мелі магчымасць дзяліцца радасцю і інтэгравацца.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Уладзіслаў Мігдалёнак