Skip to main content

Юбілейная салезіянская пілігрымка вырушыла са Смаргоні ў Будслаў

sdb by 2830 чэрвеня ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Смаргоні распачалася юбілейная дваццатая салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

Як паведамляе сайт sdb.by, тэма пілігрымкі ў гэтым годзе па традыцыі супадае з тэмай дэвізу салезіянскага таварыства на бягучы год: “Святасць таксама і для цябе!”

Рэкалекцыяністам, які будзе дапамагаць маладым вернiкам разважаць над тэмай пiлiгрымкi, стаў сёлета неапрэзбiтэр Артур Ляшнеўскі SDB.

Пасля Імшы быў зроблены гістарычны фотаздымак юбілейнай 20-й СМЕП і прыгожа апранутыя пілігрымы з радаснымі спевамі распачалі свой шлях, каб за шэсць дзён, пераадолеўшы адлегласць у 105 кіламетраў, дайсці да будслаўскай святыні і ўкленчыць перад абразом Маці Божай.

Кожны дзень пілігрымы будуць слухаць рэкалекцыйныя навукі, пасля чаго будзе адбывацца праца ў групах. Кожны пілігрым мае магчымасць выбраць групу (пакой), якая яму больш пасуе. У гэтым годзе такіх пакояў сем: «Капліца», «Пустыня», гульнявы пакой, «Кухня», online-евангелізацыя, музычна-малітоўны і «Кавалак неба».

sdb by 30

Галоўнай традыцыяй і адметнасцю СМЕП стала евангелізацыя, пілігрымка не проста прыходзіць на месца начлегу і адпачывае, не проста праходзіць праз гарады і вёскі. Маладыя людзі праводзяць для мясцовых жыхароў евангелізацыйныя вечары, дзеляцца сведчаннем веры, заходзячы ў хаты, маюць заданне сведчыць людзям пра Хрыста.

За дваццаць гадоў у пілігрымцы ўдзельнічала шмат людзей. Юнакі і дзяўчаты, дзякуючы якім паўстала першая салезіянская пілігрымка, ужо пасталелі і стварылi ўласныя сем’і, іх дзеці ўжо гатовыя заняць сваё месца сярод пілігрымаў.