Дзень другі.
Другі дзень юбілейнай пешай пілігрымкі Ліда-Будслаў распачаўся святой Імшой у касцёле св. Казіміра ў Ліпнішках.
Кс. Анджэй Ганчар, разважаючы пра Найсвяцейшае Сэрца Езуса, падказаў паломнікам, як можна стаць падобным да Езуса ўжо сёння: “Ідучы ў пілігрымцы, мы можам аддаць сваё сэрца іншаму чалавеку: паднесці заплечнік, дапамагчы ў лячэнні. Гэта нашая самаахвярнасць”.
У дарозе пілігрымы спявалі Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, маліліся на ружанцы, бліжэй знаёміліся паміж сабой і не шкадавалі сіл на танцы і спевы.
Пасля марозіва на другі сняданак і смачнага абеду ў Іўі а. Яўген Эйсмант SAC прамовіў канферэнцыю, падчас якой адзначыў: “Дух Святы хоча, каб мы заўсёды былі галодныя духоўна, каб мы заўсёды хацелі напоўніць сябе Божым Словам”.
Скончыўся дзень паказам мод у Юрацішках. Пілігрымы пашылі ўрачыстае пілігрымковае адзенне з падручных сродкаў і прэзентавалі яго ўсім прысутным. Памаліўшыся, яны разышліся па дамах, каб набрацца сіл перад наступным днём.
Наперадзе ўжо менш за 200 км, якія 80 радасных пілігрымаў пераадолеюць за 7 дзён.
Яна Чайко