15 чэрвеня дабрачынная група «Уваскрасенне» Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі Гродна «OPEN» арганізавала свята для дзяцей-інвалідаў.
У свяце, якое было прысвечана Міжнароднаму дню дзіцяці, удзельнічалі дзеці з Гродзенскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Па традыцыі свята адбылося ў Агратурыстычным комплексе “Гарадзенскi маёнтак «Каробчыцы»” Гродзенскага мясакамбіната.
Моладзь з “OPEN” разам са сваім душпастырам кс. канонікам Антоніем Грэмзам падрыхтавала для дзяцей багатую праграму, у якую ўвайшлі разнастайныя забавы і гульні. Дзеці разам са сваімі бацькамі мелі магчымасць адчуць сапраўдную радасць, а таксама тое, што Каталіцкі Касцёл памятае пра асобаў, закранутых хваробай і калецтвам.
Арганізатары дабрачыннай акцыі вельмі ўдзячныя дырэкцыі комплекса “Гарадзенскi маёнтак «Каробчыцы»” за магчымасць у чарговы раз правесці свята на тэрыторыі гэтага прыгожага месца.
Кс. Юрый Марціновіч