Skip to main content

Другі дзень Парафіяды: дух еднасці і заахвочванне да служэння

parafijada drugi 1412 чэрвеня, другi дзень Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, яе ўдзельнікі правялі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка).

Пасля святой Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мелі месца розныя конкурсы. Дзеці і моладзь паказвалі свае сцэнічныя і музычныя здольнасці, а таксама веданне Святога Пісання і гісторыі Касцёла.

parafijada drugi 21

Лейтматывам дня сталі словы “Людзі, якія прысвячаюць сябе іншым”. Праз гэтыя словы арганізатары хацелі заахвоціць удзельнікаў да служэння адзін аднаму і прасілі, каб на працягу дня ўдалося зрабіць прынамсі адзін добры ўчынак для іншага чалавека.

Вікторыя Жэгала з гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканская), якая ўдзельнічала ў конкурсе “Музыка – маё жыццё”, адзначае, што ў гэты дзень на сцэне былі яркія разнастайныя касцюмы, песні гучалі на розных мовах свету, былі прадстаўлены розныя музычныя жанры: эстрадны вакал, акадэмічны спеў, джазавыя выкананні…

“На першы погляд гэта рознакаляровыя пазлы, якія склалі агульную цудоўную карціну, назва якой – “Музыка – маё жыццё””, – дадае Вікторыя.

Анастасія Янушка з парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах адзначае, што другі дзень Парафіяды быў вельмі насычаны і захапляльны. Тэатральны і музычны конкурсы былі вельмі ўражваючымі, адчувалася сяброўская атмасфера.

“Было вельмі прыемна бачыць, як удзельнікі падтрымліваюць адзін аднаго апладысментамі. Кожная парафія была рада сваім першым узнагародам”, – кажа Анастасія.

parafijada drugi 12

Кожны дзень Парафіяды пачынаецца і заканчваецца малітвай. Моладзь вельмі ахвотна збіраецца ў святыні: на пачатку дня просіць аб Божым благаслаўленні, на заканчэнне дзякуе за ўсе дары і ласкі.

Валерыя Грыгелевiч з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, якая ўдзельнічае ў Парафіядзе ўпершыню, падкрэслівае важнасць малітвы ў жыцці кожнага чалавека, якая патрэбная, як штодзённы хлеб.

“Я стараюся кожны новы дзень пачынаць і завяршаць малітвай. Такім чынам кожны раз запрашаю Пана Бога ў сваё жыццё і вельмі хачу, каб заўсёды мне спадарожнічаў”, – адзначае Валерыя.

На заканчэнне другога дня арганізатары Парафіяды падрыхтавалі для ўдзельнікаў цікавы і пазнавальны вечар. Дзеці і моладзь ужо ў сярэдзіне Парафіяды пад вялікім уражаннем ад гэтай падзеі і захоплены прафесійнасцю яе арганізацыі.

Aнастасія Слесар з парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах прызнаецца, што пасля другога дня мерапрыемства перапоўнена пазітыўнымі эмоцыямі і духам еднасці, удзячная Пану Богу за магчымасць быць разам з іншымі ўдзельнікамі гэтай сустрэчы, а арганізатарам – за запрашэнне.

“Хочацца сказаць вялікі дзякуй усім валанцёрам і арганізатарам Парафіяды за іх уважлівасць да ўсіх удзельнікаў, за смачныя абеды і за спагадлівасць”, – дадае Анастасія.

Чарговы, трэці дзень Парафіяды пройдзе на гарадскім цэнтральным стадыёне ЦСК “Неман”, дзе ўдзельнікі будуць змагацца за прызавыя месцы ў спартыўных спаборніцтвах.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Аліна Пяценка