Skip to main content

Aрцыбіскуп Кандрусевіч удзельнікам Парафіяды: няхай Божае слова змяняе наша жыццё

parafijada arcy 5612 чэрвеня раніцай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў святую Імшу ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) у межах ХІ Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, якая праходзіць зараз.

Іерарх прывітаў удзельнікаў гэтай сустрэчы – больш за 400 чалавек з 29 парафій дыяцэзіі. Асаблівую радасць яму прынеслі маладыя людзі з Котласа ў Архангельскай вобласці Расіі, дзе ён служыў біскупам 16 гадоў.

parafijada arcy 70

У сваёй прамове арцыбіскуп засяродзіўся на трох вымярэннях Парафіяды: святыня, тэатр і стадыён. Іерарх падкрэсліў, што святыня – месца сустрэчы чалавека з Богам у Божым слове, сакрамэнтах і дабрачыннай дзейнасці. Тэатр і мастацтва з першых стагоддзяў хрысціянства выкарыстоўваліся для евангелізацыі. Спорт з'яўляецца каталізатарам сацыялізацыі, супольнага жыцця людей розных нацый, моваў, культур.

“У спорце існуюць свае правілы. Гэта алюзія да правіл нашага жыцця, якія прадстаўляюць Біблія і Касцёл. Як у спорце трэба гуляць паводле правіл, таксама і ў жыцці трэба прытрымлівацца Божага слова, якое нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла”, – дадаў арцыбіскуп.

Іерарх пажадаў маладым удзельнікам Парафіяды, прытрымліваючыся алімпійскага прынцыпу “галоўнае не перамога, а ўдзел”, імкнуцца да фізічнай і духоўнай дасканаласці.

На заканчэнне кс. Артур Малафей, дырэктар Парафіяды і адказны за спорт у Гродзенскай дыяцэзіі, ад імя ўсіх падзякаваў Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму за дар супольнай малітвы і за цікавасць да росту духоўнага жыцця маладога пакалення Касцёла на Гродзеншчыне.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Аліна Пяценка