Skip to main content

Урачыстая Імша прайшла ў Цвермах

cwermy 6Як і штогод, на другі дзень урачыстасці Спаслання Духа Святога, у свята Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла, 10 чэрвеня, у Цвермах, на тэрыторыі лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара), дзе знаходзіцца цудадзейны Крыж, адбылася ўрачыстая Імша.

У гэты дзень капліца ў Цвермах не была адзінокай, бо шмат людзей з Лідскага і іншых раёнаў прыехалі, каб у цішыні пабыць з Богам.

Святую Імшу ўзначаліў дэкан Лідскага дэканату кс. Андрэй Роўба CRL. У гаміліі ён падкрэсліў значэнне крыжа ў жыцці хрысціяніна.

Пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. кан. Уладзімір Гуляй напрыканцы Імшы параіў тым, хто прыехаў: “Паспрабуйце знайсці час і прыехаць сюды яшчэ раз, каб быць з Богам сам-насам, каб пачуць Яго словы да вас”.

Нават хвіліны, праведзеныя ў гэтым святым месцы, аздараўляюць людзей; паспрабуйце і вы.

Kс. Дзяніс Бразінскі

Фота: Рэната Міскаузая