З 24 па 26 мая ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні прайшоў Don Bosco Youth Fest (#BoscoFest), у якім прыняло ўдзел больш за сотню юнакоў і дзяўчат з розных куткоў Беларусі.
Фэст распачаўся ў сімвалічны для салезіянаў дзень - свята Марыі Успамогі Хрысціянаў, якая з’яўляецца апякункай супольнасці. Маладыя вернікі сабраліся на св. Імшы і прайшліся ўрачыстай працэсіяй па вуліцах горада.
У другі дзень юнакі і дзяўчаты мелі магчымасць падыскутаваць на актуальныя тэмы зносін людзей, уплыву сацыяльных медыа і пытанні сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі. На папулярнае зараз пытанне гендэру, стаўленне Касцёла да яго і на тэму ЛГБТ. Абмеркаванні прайшлі ў рамках працы ў "Сусветным кафэ”.
Другая палова дня была таксама насычана актыўным адпачынкам. Удзельнiкi фэсту былi падзелены на групы па iнтарэсах: хтосьцi паехаў на экскурсію ў Залессе, нехта - ў Баруны і Крэва. Адны абралi роварнае падарожжа, iншыя - сплыў на байдарках, а ў кагосьцi найбольшую цiкавасць выклікала турыстычная паласа з перашкодамі праз лес.
Увечары маладзёны паслухалі выступ гурта "Пілігрымы". Разам з тым мясцовая моладзь прадставіла праз сцэнкі жыццё святых Стэфана Шандора, Александрыны Марыі Да Коста, Альберт Марвэллі і слугі Божай Тэрэзы Вальсэ Пантэлліні.
У завяршальны дзень Don Bosco Youth Fest удзельнікі і мясцовыя парафіяне сабраліся звонку святыні, дзе на палявым алтары адбылася ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Іерарх наблізіў сабраным шматграннае значэнне паняцця “любові”. “Любоў знаходзіцца ў самым цэнтры Евангельскага вучэння. Таксама яна павінна жыць і ў самым цэнтры чалавечай душы. Любоў - гэта цяжкі труд, боль і патаптанне ўласнага эгаізму. Лёгка любіць тых, хто ставіцца да нас з узаемным пачуццем. І толькі той, хто зведаў навуку Хрыста, можа навучыцца любіць тых, хто яго ненавідзiць”, - адзначыў біскуп Аляксандр.
Пасля Эўхарыстыі распачалася праца майстар-класаў. Дасведчаныя спецыялісты дапамагалі моладзі разабрацца ў пытаннях, вызначаных падчас дыскутаў у межах “Сусветнага кафэ”.
На заканчэнне фэсту былі падведзены вынікі. Затым рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB падзякаваў усім спікерам і арганізатарам мерапрыемства, а таксама моладзі, якая правяла гэтыя тры дні разам з салезіянамі.
Паводле sdb.by