26 мая ўрачыста адзначалася 25-годдзе лідскай парафіі Божай Міласэрнасці (Маладзёжны). Юбілейныя ўрачыстасці ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На Эўхарыстыі, якую іерарх цэлебраваў з просьбай аб паспяховым развіцці гэтай парафіі і дапамозе Божага Провіду яе вернікам на далейшыя гады, сабралося шматлікае духавенства, парафіяне і госці з Беларусі і з-за мяжы. Цэлебруючы Ахвяру святой Імшы, усе разам выказвалі Пану Богу ўдзячнасць за прыгожую святыню, узведзеную на Яго хвалу, за тое, што ўжо чвэрць стагоддзя католікі знаходзяцца ў раёне Маладзёжны ў Лідзе, утвараючы асаблівую супольнасць веры і любові, імя якой парафія.
Прысутнічаў першы пробашч гэтай парафіі і будаўнік святыні кс. канонік Станіслаў Пацына, які чвэрць стагоддзя таму распачаў адказную справу ўтварэння парафіі і будаўніцтва касцёла. Прысутнічала таксама сястра Юзэфа Сікора MChR, якая стаяла ля пачаткаў парафіі і дапамагала пробашчу ў будаванні матэрыяльнага касцёла і жывой супольнасці вернікаў.
Сённяшні пробашч парафіі кс. Андрэй Зноска, вітаючы сабраных, адзначыў, што мінулыя 25 гадоў сталі часам закладвання фундаменту і ўтварэння спадчыны, якая будзе перададзена наступным пакаленням.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі разважаў над значэннем святыні ў жыцці чалавека. Іерарх падкрэсліў, што часта – і правільна – касцёл называецца домам Божым. “Касцёл – гэта не толькі святыня, узведзеная стараннем чалавека. Касцёл з’яўляецца таксама домам у значэнні супольнасці, сям’і Божых дзяцей, якую мы разам утвараем”, – сказаў ён.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што людзям патрэбна святыня, каб яна нагадвала, што Бог – не хтосьці далёкі і абыякавы да лёсу чалавека. “Наш Бог ёсць “Бог з намі”, мы Яму важныя, Ён прагне нас абсыпаць бязмернасцю сваіх ласкаў і дароў, каб дапамагчы нам пілігрымаваць на гэтым свеце і каб мы пасля заканчэння нашага зямнога падарожжа маглі дасягнуць шчаслівай вечнасці”, – адзначыў біскуп.
Па словах іерарха, кожны касцёл ці капліца, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя і захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, нагадвае праўду пра тое, што Бог блізкі да нас і больш за ўсё жадае пасяліцца ў чалавечым сэрцы.
“Калі мы адкрыем нашы сэрцы на дар Божай ласкі, калі дазволім, каб Бог іх перамяніў, аздараўляючы ад эгаізму, абыякавасці, гневу і напаўняючы любоўю, дабрынёй, прастатой, тады нашы сэрцы будуць усё больш станавіцца святыняй Божай – домам, не рукой чалавечай створаным”, – дадаў біскуп.
Іерарх падзякаваў кс. каноніку Пацыну, шматгадоваму пробашчу і нястомнаму будаўніку касцёла і парафіяльнага дома. Словы ўдзячнасці ён выказаў і сённяшняму пробашчу кс. Андрэю Зноску, які шэсць гадоў працягвае справу свайго папярэдніка, атачаючы душпастырскай любоўю і руплівым клопатам як матэрыяльны касцёл, так і той Касцёл, які не рукой чалавечай збудаваны, святыню, узведзеную з жывых камянёў, фундаментам і вуглавым каменем якой з’яўляецца ўваскрослы Хрыстус Пан.
Біскуп падзякаваў таксама ўсім дабрадзеям і ахвярадаўцам, якія рознымі спосабамі, на розных этапах будаўніцтва касцёла падтрымлівалі гэтую Божую справу. Словы ўдзячнасці ён адрасаваў і парафіянам за ўключэнне ў будаўніцтва, за шчодрыя духоўныя і матэрыяльныя ахвяры, за цёплае супрацоўніцтва з пробашчам і за тое, што нярэдка асабіста працавалі пры ўзвядзенні святыні.
Парафія Божай Міласэрнасці створана ў 1994 г. Касцёл быў асвечаны на свята Божай Міласэрнасці ў 2007 г.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Догель