Skip to main content

Біскуп Кашкевіч да ўрачоў: “Сведчыць веру”

14 мая ў Гродне на знак удзячнасці за 20 год Гродзенскай дыяцэзіі адбыўся I Дыяцэзіяльны з’езд урачоў. У Гродзенскай дыяцэзіі Душпастырства ўрачоў дзейнічае на працягу 3 гадоў.

Сустрэча распачалася супольнай св. Імшой, якую адправіў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч у суправаджэнні святароў. Сярод іх быў кс. Андрэй Радзевіч, душпастыр урачоў нашай дыяцэзіі, а таксама кс. доктар, прафесар Станіслаў Важэшак, адказны за ўрачоў у Польшчы. Падчас гаміліі пастыр дыяцэзіі прыгадаў пра дзейнасць апосталаў, пра умовы, якія павінен выконваць чалавек, каб стаць апосталам, і асаблівую ўвагу прысвяціў св. Мацею, літургічны ўспамін якога адзначалі ў гэты дзень. Прыгадваючы вернікам жыццяпіс апостала Мацея, кс. біскуп падкрэсліў вялікі запал апостала падчас навяртання язычнікаў, падкрэсліваючы, што “Мацей быў абраны, каб быць сведкам Уваскрэсення Хрыста. Гэта Хрыстос нас выбірае, а не мы Яго”.

Звяртаючыся да ўрачоў, ксёндз біскуп заахвоціў усіх быць сведкамі веры ў Хрыста па ўзоры апостала і памятаць пра запавет любові падчас сваіх штодзённых абавязкаў, падкрэсліваючы, што “акрамя ведаў, кожны ўрач павінен мець пакліканне. Урач – гэта той, хто праз свае ўчынкі і служэнне стаіць на варце здароўя і чалавечага жыцця. Я прашу Вас, каб Вы ў кожным хворым бачылі Хрыста. Толькі адданае служэнне чалавеку робіць так, што праца ўрача становіцца пакліканнем”. Падчас св. Імшы ўсе даручылі Богу ахвярную працу ўрачоў і медсёстраў, а таксама ў малітве прасілі патрэбныя ласкі, каб гэтае пакліканне рэалізаваць найлепшым чынам.

Пасля св. Імшы ўсе адправіліся ў абласны клінічны шпіталь, дзе прайшоў сімпозіум “Хрысціянства і медыцына”. Спачатку сабраных прывітаў галоўны ўрач Гродзенскага абласнога клінічнага шпіталя сп. Савіцкі Святаслаў Эдуардавіч, які ўручыў усім выступоўцам і кс. біскупу спецыяльныя дыпломы і сувеніры, падкрэсліваючы, што “такія сустрэчы неабходны, таму што ўзбагачаюць урачэбную практыку кожнага з нас”. З прывітальным словам звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі таксама пастыр дыяцэзіі, які прыгадаў сабраным пра тое, што ў шпіталі дзейнічае капліца, а святары нясуць усім патрабуючым духоўную апеку. Ксёнд біскуп падараваў шпіталю копію абраза Маці Божай Кангрэгацкай.

Пасля слоў павітання былі прачытаны рэфераты. Першы выступіў кс. Станіслаў Важэшак, які гаварыў пра хрысціянскі светапогляд на біяэтычную праблематыку. “Давайце глядзець на свет як на твор Бога”, – заахвочваў прысутных кс. прафесар. Потым выступіла сп. Рамана Драбік, канд. мед. навук з Германіі, якая прызджае ў Гродна ўжо ў другі раз. Сп. Рамана гаварыла пра задачы ўрача-хрысціяніна і патрабаванні да яго ў XXI стагоддзі, падкрэсліваючы, між іншым, што самае галоўнае – каб урач памятаў пра запавет любові і рабіў усё, што ў яго моцы, для дабра пацыента. Сп. Рамана заахвоціла прысутных мець для сваіх хворых дорае сэрца. Наступны выступоўца, кс. др Юрый Павайба, гаварыў пра ўплыў акультызму на наша духоўнае і фізічнае жыццё. Урач Аляксандр Цыліндзь распавёў пра дзейнасць душпастырства ўрачоў у Гродна.

Пасля выступленняў удзельнікі канферэнцыі прынялі актыўны ўдзел у дыскусіі, падчас якой дзяліліся сваім досведам. Можна было пачуць, паміж іншым, пра ўрачэбную практыку ў Германіі, Англіі і ў Беларусі. Асаблівую падзяку ўдзельнікі сімпозіум выказалі кс. Андрэю Радзевічу, арганізатару першага ў нашай дыцэзіі з’езду ўрачоў.

Падчас падвядзення вынікаў кс. Андрэй адзначыў, што гэта мерапрыемства павінна служыць дабру кожнага з нас і аддаў пад апеку св. Лукі ўсіх урачоў і медыцынскіх сёстраў.